Да юбілею.
Віктар Гардзей — беларускі паэт, празаік, перакладчык. Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Івана Мележа (1993).
Віктар Канстанцінавіч Гардзей нарадзіўся 19 жніўня 1946 года ў вёсцы Малыя Круговічы Ганцавіцкага раёна Брэсцкай вобласці ў сялянскай сям’і.
Пасля заканчэння Круговіцкай сярэдняй школы працаваў у мясцовым калгасе, а потым у ляхавіцкай раённай газеце «Будаўнік камунізму», з 1966 года — у ганцавіцкай раённай газеце «Савецкае Палессе» (загадчык аддзела пісем, адказны сакратар, намеснік рэдактара). Пасля пераезду ў Мінск у 1983 годзе працаваў у часопісах «Беларусь», «Родная прырода», «Маладосць», «Полымя», «Вожык», выдавецтве «Мастацкая літаратура», штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва».
Памёр пісьменнік 23 студзеня 2025 года ў Мінску.
У вёсцы Малыя Круговічы ў гонар Віктара Гардзея пры яго жыцці названа вуліца, дзе ён нарадзіўся і жыў, а на месцы дома, дзе ён жыў, у 2017 годзе ўсталяваны памятны знак.
Літаратурную працу пачаў у 1963 годзе. У 1970—1990-я гады выдаў зборнікі паэзіі «Касавіца», «Верасное палясоўе», «Засевак Радзімы», «Незабудкі азёр», «Узрушэнне», «Дзікая пчала», «Зялёныя дажджы», «Межань», «Трыадзінства», кнігі прозы «Дом з блакітнымі аканіцамі», «Карані вечнага дрэва», «Уратуй ад нячыстага», «З мінулага не вяртаюцца...». Аўтар трылогіі «Аселіца ў басейне Чорнага мора» (складаецца з аповесцей «Ці то грэбля, ці то гаць», «Блаславёныя зёлкі» і «Дабравест ад Збавіцеля»), рамана «Бедна басота».
Віктар Гардзей выступаў як дзіцячы пісьменнік. Малым чытачам адрасаваў кнігі «Чырвоны грабеньчык», «На арэхавай палянцы», «Коцікі на вярбе», «Мой тата — трактарыст», «Сарочына цырульня», «Мудры воран», «Лясная трывога», «Зайкава балалайка».
Асаблівую ўвагу надаваў выхаванню экалагічнай культуры дзяцей, цікава і займальна апавядаў пра рэдкія і тыя, што знікаюць, віды беларускай фаўны і флоры: выданні «Малая дзіцячая Чырвоная кніга» (2008), «Малая дзіцячая Чырвоная кніга: ахоўная флора» (2010), «Птушка года Беларусі, 2000—2020» (2020).
У часопісе «Беларуская мова і літаратура» надрукаваны матэрыял В. В. Кашко «Роды мастацкай літаратуры. Верш В. Гардзея “Мая зямля — мая калыска…” (урок у VІІІ класе)» (2025, № 7).
Выява: партрэт Віктара Гардзея, змешчаны ў часопісе № 7 за 2025 год. Аўтар А. Прынькова.