Чытайце ў вераснёўскім нумары! Выхаваўчы патэнцыял беларускай… — "Беларуская мова і літаратура" — TG.ME

📖 Чытайце ў вераснёўскім нумары!
 
Выхаваўчы патэнцыял беларускай літаратуры ў фарміраванні грамадзянска-патрыятычнай культуры асобы
(з вопыту працы)
 
К. М. Матусевіч
 
Настаўніца сярэдняй школы № 4 г. Чэрвеня, магістр дзяржаўнага кіравання К. М. Матусевіч у метадычным артыкуле разглядае магчымасці беларускай літаратуры ў выхаванні грамадзянскай і нацыянальнай свядомасці, патрыятычных пачуццяў і маральных якасцей вучняў.
 
Літаратуразнаўчы аналіз твораў спалучаецца з рэкамендацыямі па іх вывучэнні на ўроках. У вершы Янкі Купалы «Спадчына» і аднайменным версэце Алеся Разанава раскрываюцца розныя грані разумення спадчыны. Вобраз Радзімы разглядаецца ў такіх паэтычных творах, як «Мая малітва» Янкі Купалы, урывак «О, край родны, край прыгожы!..» з паэмы «Сымон-музыка» Якуба Коласа, «Слуцкія ткачыхі» і «Санет» («Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі…») Максіма Багдановіча. Тэма гістарычнай памяці асэнсоўваецца на прыкладзе аповесці «Дзікае паляванне караля Стаха» Уладзіміра Караткевіча, маральны выбар асобы — на матэрыяле твораў «На ростанях» Якуба Коласа, «Людзі на балоце» Івана Мележа, «Сотнікаў» Васіля Быкава. Вершы Пімена Панчанкі «Дзеці вайны» і «Герой» разглядаюцца праз аспекты трагічнага ваеннага вопыту і каштоўнасці мірнага жыцця.
 
Тэмы родных вытокаў, мовы і пераемнасці пакаленняў знаходзяцца ў цэнтры ўвагі пры аналізе вершаў Рыгора Барадуліна «Трэба дома бываць часцей», «Неруш», Ніла Гілевіча «Страціў слова, страціў спадчыннае слова…». У вершы Яўгеніі Янішчыц «Прыедзь у край мой ціхі…» і творы Георгія Марчука «Канон Гарыні» вылучаюцца вобразы Палесся, пры гэтым акцэнт робіцца на духоўнай еднасці чалавека і прыроды. Асобна адзначаецца выхаваўчае значэнне фальклорных твораў, песень на словы Алеся Бачылы «Радзіма мая дарагая…» і Алеся Ставера «Жураўлі на Палессе ляцяць…».
 
Аўтар артыкула падкрэслівае неабходнасць разгляду ідэйнага зместу ў сувязі з яго мастацкімі асаблівасцямі, аналізуючы вобразнасць, тропы, гукапіс, рытм і інтанацыю, адметнасць стылю. Прапанаваныя падыходы дапамогуць арганізаваць удумлівае чытанне і абмеркаванне твораў, спалучыць літаратурную адукацыю з выхаваннем асобы.

Выява: Гаўрыла Вашчанка. Маё Палессе (1970). Крыніца: Гаўрыіл Вашчанка = Гавриил Ващенко = Hauryil Vaschanka : [альбом]. — Мінск, 2019. — С. 45.

〰️〰️〰️〰️〰️〰️〰️〰️〰️〰️
Замовіць нумар:
(+375 17) 322-93-25.
 
🔸Падпісацца на №10—12
можна праз анлайн-рэсурсы:
 
▫️Белпошта
▫️belpressa.by
❤8👍2
September 2, 2026 629