🔅 Да юбілею
Генадзь Бураўкін — беларускі паэт, перакладчык, дзяржаўны дзеяч. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1980), прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1972).
Генадзь Мікалаевіч Бураўкін нарадзіўся 28 жніўня 1936 года ў вёсцы Шуляціна (цяпер Тродавічы) Расонскага раёна на Віцебшчыне. Скончыў сярэднюю школу ў Полацку (1954) і аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1959).
Працаваў у рэдакцыі часопіса «Коммунист Белоруссии», на Беларускім радыё, у газеце «Літаратура і мастацтва». У 1968—1972 гадах быў уласным карэспандэнтам газеты «Правда» па Беларусі, у 1972—1973 гадах — галоўны рэдактар часопіса «Маладосць». У 1978—1990 гадах — старшыня Дзяржаўнага камітэта БССР па тэлебачанні і радыёвяшчанні. У 1990—1994 гадах быў пастаянным прадстаўніком Беларусі пры Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Потым працаваў намеснікам міністра культуры і друку, а таксама ў рэдакцыі часопіса «Вожык».
Не стала паэта 30 мая 2014 года. Пахаваны на Усходніх могілках у Мінску.
Друкаваўся з 1952 года. Аўтар шматлікіх паэтычных зборнікаў: «Майская просінь» (1960), «З любоўю і нянавісцю зямною» (1963), «Дыханне» (1966), «Жніво» (1971), «Варта вернасці» (1978), «Пяшчота» (1985), «Узмах крыла» (1995), «Чытаю тайнапіс вачэй» (2001), «Жураўліная пара» (2004), «Лісты да запатрабавання» (2010), «Ніці лёсу» (2018), «Мой боль і запавет» (2021). Апошняй прыжыццёвай кнігай паэта стаў зборнік «Нагаварыцца з зоркамі», выдадзены напярэдадні яго смерці (2014) і перавыдадзены ў 2026 годзе.
Генадзь Бураўкін — стваральнік вядомых і папулярных песенных тэкстаў. На яго вершы кампазітары напісалі песні «Завіруха», «Зачарованая мая», «Матылі», «Малітва», «Конь незацугляны» і інш. Асаблівую вядомасць атрымала «Калыханка» («Доўгі дзень, цёплы дзень…»), якая на працягу многіх гадоў гучыць у беларускай дзіцячай тэлеперадачы.
Пісаў для дзяцей. Перакладаў з іншых моў.
Выява: фотапартрэт Генадзя Бураўкіна.

10
2August 29, 2026 1.1K 2