Многія палітызаваныя людзі сьвядома ці несьвядома хочуць бачыць Царкву альбо як своеасаблівую палітычную партыю, альбо як вузканацыянальны гурток, які павінен абслугоўваць пэўную ідэалёгію, нацыянальную справу ці палітычны праект.
Але Царква - ані партыя, ані грамадзкая арганізацыя, ані клюб людзей адной нацыянальнасьці. Яе заснаваў Хрыстос не дзеля таго, каб яна прыводзіла да ўлады "правільных" палітыкаў, будавала дзяржаву ці захоўвала нацыянальную ідэнтычнасьць. Яе місія значна глыбейшая: абвяшчаць Эвангельле, весьці чалавека да Бога, асьвячаць ягонае жыцьцё праз малітву і Таемствы (Сакрамэнты), вучыць любові, праўдзе, пакаяньню і рыхтаваць да жыцьця вечнага.
Безумоўна, Царква жыве не ў вакуўме. Яна існуе сярод канкрэтнага народу, размаўляе ягонай мовай, успрымае яго культуру, моліцца за сваю краіну і ня можа маўчаць перад абліччам несправядлівасьці, гвалту ці зьнявагі чалавечай годнасьці. Але адна рэч - даваць маральную ацэнку грамадзкім зьявам у сьвятле Эвангельля, і зусім іншая - ператварацца ў рэлігійнае крыло нейкай палітычнай сілы.
Тое самае датычыць і нацыянальнага пытаньня. Царква можа і павінна шанаваць мову, культуру і гістарычную памяць народу, сярод якога яна служыць. Але чалавек прыходзіць у храм не таму, што ён беларус, паляк, украінец ці хто іншы, а таму, што шукае Бога. Нацыянальнасьць можа быць дарам і часткай нашай чалавечай тоеснасьці, але яна ня ёсьць умовай збаўленьня.
Калі ж Царкву пачынаюць ацэньваць паводле таго, наколькі яна адпавядае чыімсьці палітычным ці нацыянальным чаканьням, адбываецца небясьпечная падмена: ужо ня Эвангельле судзіць нашыя погляды, а нашыя погляды пачынаюць судзіць Эвангельле і саму Царкву.
Хрыстос не прыйшоў ствараць яшчэ адзін зямны лягер. Ён прыйшоў зьбіраць у адно дзяцей Божых. Таму ў сапраўднай Царкве павінна быць месца і для чалавека вельмі нацыянальна сьвядомага, і для таго, хто амаль не цікавіцца нацыянальным пытаньнем; для чалавека з аднымі палітычнымі поглядамі і для чалавека з іншымі - пакуль яны ўсе гатовыя дазволіць Хрысту перамяняць іх сэрца.
Бо Царква існуе не для таго, каб зрабіць чалавека добрым прадстаўніком нейкай партыі ці нацыі. Яна існуе дзеля таго, каб зрабіць чалавека сьвятым, то бок тым, хто ў сваім жыцьці кіруецца Божымі запаведзямі і Эвангельскай навукай, якую абвяшчае Царква.
а. Ян Майсейчык






