Сёньня маці задумала агіднае забойства: яна падбухторвае бессаромную дачку супраць найвялікшага сярод прарокаў. Калі люты Ірад учыніў сьвята ў дзень свайго нараджэньня, яна як заплату за танец папрасіла ў яго найпачэсную галаву Прадвесьніка. І ён, каб выканаць дадзеную бяздумна клятву, зрабіў гэта. Але тайнік прыйсьця Хрыстовага пасьля сьмерці не перастаў асуджаць ягонае беззаконнае жыцьцё, кажучы як і раней: «Не належыцца табе чужаложнічаць з жонкаю брата твайго Піліпа». О дзень нараджэньня прароказабойцы, о крывавае сьвята! Мы ж набожна адзначаем адсячэньне галавы Прадвесьніка і просім яго шчыра маліцца Тройцы, каб душам нашым быць вольнымі ад ганьбы пажадлівасьцяў і атрымаць збаўленьне.
(Тон 4) У дзень свайго нараджэньня Ірад учыніў сьвята. За намоваю жанчыны, з якою жыў у граху, ён адсек галаву Прадвесьніку, але ня змог адсекчы прарочага языка, які выкрываў ягонае распуснае жыцьцё. Праліў бязьвінную кроў, каб пакрыць свой грэх, але ня мог змусіць змоўкнуць голасу, які клікаў сьвет да пакаяньня. Ён цешыўся з забойства. Мы ж сьвяткуем з любоўю сьмерць Хрысьціцеля, бо ён апярэдзіў у пекле Жыцьцё, каб прапаведаваць тым, што сядзелі ў цемры і ценю сьмерці, сьвітаньне з вышыні – Хрыста Бога нашага, адзінага міласэрнага.
9August 29, 2026 151 1