Так бывае і з чалавекам. Часам яму даводзіцца пакінуць месца, якое ён любіў, і апынуцца ў іншым. Даводзіцца нанова будаваць сваё жыццё. Знаходзіць новых сяброў. Вывучаць новую мову. Прывыкаць да іншага грамадства. Ствараць новы дом.
Але гэта не азначае, што ўсё ранейшае жыццё страчана. І тым больш гэта не азначае, што Бог пакінуў чалавека.
Бог можа даць нам новыя карані, не патрабуючы ад нас забыць старыя. Мы можам любіць сваю Радзіму і адначасова палюбіць месца, якое нас прыняло. Мы можам захоўваць у сэрцы людзей, якія засталіся далёка, і адначасова адкрываць сваё сэрца людзям, якіх Бог сёння пасылае нам тут.
Жыццё працягваецца! І Хрыстос працягвае ісці побач з намі!
Можа змяніцца краіна. Можа змяніцца дом. Можа змяніцца мова, якую мы штодня чуем вакол сябе. Многае з таго, што калісьці здавалася нам нязменным, можа змяніцца. Але Хрыстос не змяняецца.
І ў гэтым, напэўна, адна з найвялікшых уцех нашай веры. Дзе б мы ні апынуліся, Ён ужо там. Нам не трэба шукаць Яго толькі на Радзіме, якую мы пакінулі. Хрыстос быў там разам з намі, і Ён тут разам з намі.
І таму сёння мне хочацца сказаць вам яшчэ некалькі слоў ад сэрца: Царква побач з вамі.
Мне хацелася б, каб ваша грамада ніколі не адчувала сябе адзінокай. Мне хацелася б ведаць вашыя радасці, вашыя цяжкасці, вашыя сем’і, тое, што вас непакоіць і хвалюе.
Мы не заўсёды можам вырашыць усе праблемы чалавека. Але часам чалавеку патрэбна нешта вельмі простае: ведаць, што побач нехта ёсць. Ведаць, што ёсць дзверы, якія можна адчыніць. Што ёсць храм, куды можна прыйсці. Што ёсць грамада, якая цябе прыме. Што ёсць чалавек, які выслухае тое, што ляжыць у цябе на сэрцы.
І калі мы будзем стаяць перад Святой Чашай, мы ўбачым самы прыгожы адказ на пытанне: «Дзе маё месца? Каму я належу?» — Мы належым Хрысту!
Перад Святой Чашай няма чужых. Няма бежанцаў і мясцовых. Няма людзей першага і другога гатунку. Ёсць дзеці аднаго Бога, якія прыходзяць да аднаго Стала і прымаюць аднаго і Таго ж Хрыста.
Вось што такое Царква! Гэта адна вялікая сям’я, у якой могуць гаварыць на розных мовах, мець розныя гісторыі і розныя Радзімы, але ў якой адзін Хрыстос, адна вера і адна надзея.
Таму, дарагія мае браты і сёстры, я хацеў бы, каб сёння вы панеслі ў сваіх сэрцах адну простую думку: не губляйце надзеі.
Нават калі вам давялося пачынаць усё спачатку. Нават калі цяпер нешта даецца цяжка. Нават калі часам ваша сэрца вяртаецца на Радзіму, да родных і блізкіх людзей. Бог вас не забыў. Вінаграднік вашага жыцця па-ранейшаму ў Яго руках. І з часам, з цярпеннем, верай і любоўю ён можа зноў даць новыя галіны і новыя плады.
Будзем захоўваць сваю Радзіму ў сэрцы! Будзем удзячныя гасціннай Літве, якая стала для многіх новым месцам жыцця! Будзем падтрымліваць адзін аднаго! І самае галоўнае, будзем захоўваць Хрыста сярод нас!
Бо чалавек можа апынуцца ў іншым месцы, але Бог ніколі не змяняе Сваёй любові да чалавека. І там, дзе Хрыстос, заўсёды ёсць шлях, каб пачаць зноў.
Амінь.



















