А вось вам, сябры і сяброўкі, разам зь віншаваньнямі, файны навагодні вершык, які паспрабаваў перакласьці.
Канстанты Ільдэфанс Галчыньскі
Хто прыдумаў ялінкі
Мае даражэнькія дзеці,
быў некалі час на сьвеце,
калі не было аніводнай ялінкі,b
і дзяцел ірваў на сабе з гора пёркі,
і плакалі горка ў лесе вавёркі,
хвасты ўздымаючы, нібы камінкі.
Той час быў цяжкі невераемна,
бо толькі ўявіце, як непрыемна
безь яліначкі на Куцьцю!
І дзеткі плакалі ў хаце на сьвяты,
а ў лесе енчылі зьвераняты:
“Дайце яінку, яінку хацю!”
Але ў адказ ім – ні слова, ні руху.
Ажно сава набралася духу:
“Так быць ня можа! Вастрыце косы!
Я тут з таварышкамі трыма
паўстаньне ўздыму, бо ялінак няма,
ёсьць толькі мак і сушаныя абрыкосы”.
І сапраўды: хоць бачылі Зорку,
але не зіхцела нічога ў падворку,
і нават ня мроіў у гэткай бядзе
ніхто пра зялёную жырандолю,
і наракалі людзі на долю,
бо ні ялінкі ня зьзяла нідзе.
Але ў хацінцы на ножках савіных
жыў той, хто выратаваць павінны іх,
меў том залаты зь зялёным пяром.
Ён крыкнуў: “Чакайце, добрыя людзі!
Зараз зраблю так, што сумна ня будзе,
будзе вам цуд са сьвятлом і дабром!”
Ну і зірніце: зь першага слова
там, дзе бязь лісьця стаяла дуброва,
хвоя зялёная ўзімку і летам!
Бо ў словах паэтаў прыемныя чары,
якія спаўняюць таемныя мары.
(А той чалавек быў якраз паэтам.)
Ён ведаў, як сьвечкі запальваць уночы,
як лялькам з гузікаў робяцца вочы
(бо ўважліва слухаў мае парады),
як майстраваць караблі папяровыя
ды напісаць неймаверныя словы і
музыку, што загучаць на Каляды.
Ён паказаў усе фокусы тыя, –
так, мае срэбныя, так, залатыя! –
як абуджаецца ўсьмешка на твары,
як распускаюцца ўверх фаервэркі,
полымем сьвечак як зьзяюць люстэркі,
бы чарадзейскія акуляры.
Зараз вам, хлопчыкі і дзяўчынкі
ведама ўжо, хто прыдумаў ялінкі?
Ці разабраліся ў гэтым?
Хорам усе: “ЗАЛАТЫ ЧАЛАВЕК,
ШТО НА САВІНЫХ НОЖКАХ ЖЫВЕ,
БЫЎ, ЁСЬЦЬ І БУДЗЕ ПАЭТАМ!”
Вось жа, затанчыць сьнег навагодні –
ты не забудзь, павіншуй найлагодней
пана таго, што пануе над вершамі,
ліст напішы на лісточку канвалі,
а мы тэлеграмаю павіншавалі,
бо моцна любім і згадваем першымі.
1948