#жнівеньскімарафон 25/27
Чарговы цікавы для мяне пост, які атрымаўся дзякуючы падарожжам па мапе, на поўдні краіны. Неяк мне папалася на вочы тэма каланізацыі Малапольшчы і Галіцыі. Ці, як бы сказалі канспіролагі - план замяшчэння палякаў немцамі прыдуманы ў Вене - юсіфінская каланізацыя.
Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе Аўстрыя атрымала вялікія тэрыторыі на паўднёвым усходзе былой польска-літоўскай дзяржавы. Новая правінцыя — Каралеўства Галіцыі і Ладамерыі — была для Вены перыферыйным, слаба вывучаным і, з пункту гледжання ўлады, недастаткова ўпарадкаваным рэгіёнам. Аўстрыйскія ўлады канфіскавалі каралеўскія землі і частку манастырскіх уладанняў, ствараючы так званыя камеральныя маёнткі - землі пад непасрэдным кантролем дзяржавы. Менавіта яны сталі адным з галоўных абшараў будучай асадніцкай акцыі.
Першыя спробы прыцягнуць новых пасяленцаў пачаліся яшчэ пры Марыі Тэрэзіі, але мелі хутчэй гарадскі характар: гаворка ішла перадусім пра купцоў, рамеснікаў і спецыялістаў. Толькі Іосіф II надаў гэтай справе значна большы размах. 17 верасня 1781 года ён выдаў каланізацыйны патэнт, які адкрываў Галіцыю таксама для сельскагаспадарчага асадніцтва. А праз два месяцы, 10 лістапада 1781 года, наступны патэнт палегчыў перасяленне пратэстантам, дазваляючы ім — пры дастатковай колькасці сем’яў — ствараць уласныя абшчыны, школы, мець пастараў і настаўнікаў.
План меў пераважны мэты асветніцка-бюракратычныя. Імператар хацеў не толькі павялічыць колькасць насельніцтва і асвоіць пустыя або слаба выкарыстаныя землі. Ідэя палягала таксама ў стварэнні ўзорных вёсак — Musterdorf: упарадкаваных, рацыянальна спланаваных, лепш арганізаваных і здольных уплываць на наваколле новымі метадамі гаспадаравання. Нямецкія сяляне павінны былі паказваць мясцовым, як больш эфектыўна апрацоўваць зямлю, выкарыстоўваць угнаенні, вырошчваць бульбу, канюшыну, хмель ці рапс. Улады бачылі ў каланістах таксама будучых чыноўнікаў, настаўнікаў і лаяльных падданых манархіі.
Пасяленцы прыязджалі галоўным чынам з паўднёвых і заходніх нямецкіх зямель: Пфальца, Насаў, Латарынгіі, Трыра, Вюртэмберга ці Гесэна - тады гэта былі яшчэ незалежныя дзяржавы. Яны атрымлівалі заахвочванні, якія з перспектывы тагачаснага селяніна былі сапраўды значнымі: зямлю, матэрыяльную дапамогу, вызваленне ад падаткаў, вызваленне ад вайсковай службы і магчымасць перадаваць гаспадаркі ў спадчыну (мы ўсё яшчэ гаворым пра часы паншчыны). Калоніі стараліся групаваць паводле веравызнання, а калі паселішча налічвала прынамсі 20 сем’яў, яно магло атрымаць статус самастойнай гміны.
Маштаб гэтай акцыі быў значны, хоць яна і не змяніла этнічнага аблічча Галіцыі. Паводле ацэнак, у межах іосіфінскай каланізацыі прыбыло каля 15–16 тысяч пасяленцаў, а новыя калоніі закладаліся на дзясятках раздзеленых фальваркаў. Найбольш новых вёсак з’яўлялася ад 1783 года, пераважна ва Усходняй Галіцыі, але сляды іосіфінскай каланізацыі можна знайсці таксама ў сённяшняй Малапольшчы і на Падкарпацці.
Спадчына іосіфінскай каланізацыі сёння не заўсёды відавочная. Частка былых калоній знікла як асобныя адзінкі, частка была ўключаная ў суседнія вёскі, а многія нашчадкі нямецкіх каланістаў пакінулі Галіцыю падчас Другой сусветнай вайны і пасля яе (цікава чаму). Засталіся, аднак, назвы, планіроўка вёсак, евангеліцкія могілкі, сляды школ і збораў.
13
3
2August 30, 2026 174 4






