Ціханоўскі, Бабарыка (працяг мінулага допіса)
У жніўні 2025 года, на канферэнцыі «Новая Беларусь» у Варшаве, Ціханоўскі ўжо называў сябе палітыкам, казаў пра фармаванне ўласнай каманды і адначасова падкрэсліваў, што выступае супраць ґвалтоўнай перамены ўлады. Ён казаў, што да ягонай каманды ўжо далучыліся каля пяцісот чалавек, у тым ліку каля ста – з Беларусі. На той момант выглядала, што Сяргей пачаў будаваць уласны палітычны праект, хоць фармальна не абвяшчаў сябе канкурэнтам Святланы Ціханоўскай ды і́сных структураў. Але гэты праект не атрымаў нейкага яркага і заўважнага развіцця.
Ужо ў 2026-м Сяргей загаварыў пра «фінляндызацыю» Беларусі, нейтралітэт і рыхтаванне да транзіту ўлады. Гэта ўжо яўная спроба перайсці ад ролі блогера-пратэстоўца да ролі палітыка з візіяй таго, што рабіць пасля Лукашэнкі. Цяпер Ціханоўскі жыве ў Лос-Анджэлесе, стварыў Юцюб-канал, на якім чытае ўласныя вершы, апошнімі днямі нават абвясціў крыжовы паход супраць «несумленных» журналістаў, рэзка і эмацыйна дыскутуе з людзьмі ў сацыяльных сетках, называючы апанентаў клоўнамі і іншымі словамі, якія я не буду тут цытаваць.
Як мне падаецца, Сяргей пакутліва і не без стратаў шукае сябе ў жыцці і палітыцы – і працэс гэты нялёгкі і супярэчлівы.
Бо – паўтаруся – «цябе ўсё любяць, толькі пакуль ты сядзіш».
Бадай, найбольшыя чаканні грамадства былі звязаныя з Віктарам Бабарыкам. Чалавек, які відавочна меў самы вялікі рэйтынг летам 2020 года, перад сваёй пасадкаю. Як мне падаецца, беларусы палюбілі яго тады не за нейкія асабліва правільныя словы і ідэі, а за тое, што гэта быў чалавек з высокаю пасадай і сацыяльным статусам – кіраўнік банку. Беларусы палічылі, што калі такі забяспечаны і паспяховы чалавек кінуў выклік Лукашэнку, то штосьці сапраўды мяняецца і ён мае шанцы перамагчы.
Галоўнае пытанне, якое паўстала адразу пасля вызвалення Бабарыкі, – ці пажадае ён ды ягоная каманда ўліцца ў і́сныя формы дэмакратычных сілаў ці пачне будаваць уласную палітычную структуру.
Вясною, калі былі выбары ў Каардынацыйную раду, Бабарыка заявіў, што аргкамітэт партыі «Разам» «пасля неаднаразовага і дэталёвага абмеркавання» прыняў рашэнне «аб няўдзеле нашай партыі ў вясновых выбарах у Каардынацыйную раду»... Гэтым рашэннем Бабарыка артыкуляваў, што не жадае гуляць паводле правілаў ужо існай апазіцыйнай сістэмы і, магчыма, не супраць перапісаць самі правілы.
У сваім крытычным выступе сёлета ў жніўні на канферэнцыі «Новая Беларусь» ён раскрытыкаваў вынікі дзейнасці дэмакратычных сілаў і заявіў, што «ягоныя сябры» ў Беларусі імі не цікавяцца. У дзень канферэнцыі ў інтэрв'ю Радыё Свабода Бабарыка палемічна заявіў, што ён нікому з дзейсных прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў не патрэбны.
З іншага боку, Бабарыка ані словам, ані дзеяннем не ўвязваўся ў адкрытую дыскусію з Ціханоўскай. У лютым яны сустрэліся і абмеркавалі стратэгічныя прыярытэты і адзінства дэмакратычных сілаў. Але за апошнія месяцы зрабілася відавочна, што гэта хутчэй не супраца, а «пакт аб ненападзенні».
Як мне падаецца, з усіх трох яркіх асобаў, якіх я тут абмяркоўваю, менавіта Віктар Бабарыка здолеў найбольш адэкватна ацаніць новую сітуацыю і паспрабаваць знайсці сваё месца ў ёй. (Хаця і не адразу, калі ўспомніць скандальную прэс-канферэнцыю ў першы дзень пасля вызвалення.) Бабарыка перазапусціў свой палітычны вобраз.
У жніўні з'явіўся ягоны праект Belarus Network. Яго ідэя – будаваць сетку, якая будзе звязваць рэсурсы і людзей у Беларусі і за мяжою. Прычым Бабарыка падкрэслівае тры прынцыпы: бяспека ўдзельнікаў, празрыстасць размеркавання рэсурсаў і арыентацыя на канкрэтны вынік. Магчыма, ад перспектываў росту гэтага праекту будуць залежаць і перспектывы Віктара Бабарыкі як палітыка ці грамадскага дзеяча. Тут галоўнае – ці ўдасца яму ператварыць свой імідж «паспяховага менеджара» 2020 года ў рэальны палітычны капітал 2026 года
https://www.youtube.com/watch?v=0YjKZpX2jys&t=3s