«Вот уникальные кадры, снятые с воздуха и камерой слежения офиса РС в Праге. Мы навесили там камеры и полетали птичкой». – так лукашэнкаўская прапагандыстка Кацярына Ціхамірава з БТ прадставіла здымкі з адкрытага сервіса Google Maps за здымкі нібыта шпіёнскага дрона над сядзібай Радыё Свабода. Адзінае, што вы можаце навесіць, Кацярына, гэта лапшу на вушы Івану Эйсманту. Зняць тэлефонам кадры з агароджай РС рукамі, якія трасуцца, і выдаць гэта за дрон… Геніяльна.
Чарговае “расследаванне” пра Радыё Свабода анансавалася як бомба. Але я перакананы, што расчараваўся нават Азаронак. І каб неяк кампенсаваць расчараванне, прапагандысты пішуць пра “блистящую работу” и “разнос РС”. Яны там накручваліся яшчэ ўчора з раніцы. Стаяў роў, што ўдар будзе з моцай сотняў кілаЭйсмантаў (гэта цытата). Ад іх бездапаможнасці мне забалелі вочы.
Супрацоўнікі БТ заявілі, што чатыры гады былі ўнутры каманды расейскагамоўнага тэлеканалу РС “Настоящее время”. Калі скончыўся гэты шэдэўр, то я не мог паверыць: яны не толькі не былі тут ані імгнення, яны нават не здолелі скласці 1+1 з адкрытых крыніц. Фільм сканчваецца спісам супрацоўнікаў тэлеканалу. Нібыта, шпіёны з БТ яго здыбалі ў нашых сценах. Паўбяды, што ледзь не палова з тых людзей ужо не працуюць, а некаторыя як я і мая калега Ганна Соўсь, ніколі там не працавалі. Каб гэта праверыць, трэба зрабіць тры клікі мышкай.
Але для такой працы трэба мець заклёпкі ў галаве.
А рэшта ў спісе гэта публічныя людзі, у якіх месца працы пазначанае нават у сацыяльных сетках, яны гэтага не хаваюць. Аўтарка фільму Ціхамірава з апломбам грымела, што даслала гэтыя дадзеныя ў краіны іх грамадзянства. Кацярына, а каму вы даслалі звесткі пра супрацоўніка па імені Азатык Азія, які ў вашым спісе? Вы ў курсе, што гэта ўвогуле не імя? Гэта назва сэрвіса РС для Цэнтральнай Азіі.
Абсалютная пустата фільму кампенсавалася бясконцым лямантам: “зараз мы пакажам сенсацыю, зараз будзе, пачакайце”. У выніку ўся лінія гэтага “шэдэўру” грунтуецца на некалькіх запісаных тэлефонных размовах. БТшнікі сцьвярджаюць, што ўладкаваліся на канал і вадзілі яго за нос, пампуючы адтуль сакрэтную інфармацыю. Па факце, гэта проста званок чалавека, які хоча прадаць свой фільм, чалавеку, які мае права яго набываць. Гэта тое самае, каб я пазваніў Ціхаміравай, прапанаваў матэрыял на БТ з Прагі, запісаў бы гэту размову на дыктафон і заявіў, што я гадамі ўнутры сістэмы і выпампаваў адтуль сакрэтную інфу з подпісамі мужа Наталлі Эйсмант. Але я расчарую тых, хто думае, што на БТ ёсць людзі, якія самі дадумаліся пазваніць у Прагу і зрабілі гэта. Выглядае, што гэта было зроблена шантажом чалавека, які проста не мог ад такога званка адмовіцца. Інакш кажучы, адзінае, як яны могуць: узяць чалавека за руку, пагражаць і зрабіць званок, а пасля назваць гэта шпіёнскім пранікненнем.
Напрыканцы, БТшнікі пагражаюць супрацоўнікам РС, маўляў, мы можам да вас дацягнуцца, бо ведаем, што ў 2005 годзе купляла ў аптэцы адна з вашых супрацоўніц. І кадры з пражскай аптэкі. Во думаю, глыбока нырнулі, яшчэ ў 2005 годзе здымалі калегу на тэлефон. Калі прыгледзецца, то гэта рандомны чэк з аптэкі з гэтага году, чорным па белым курс 1 еўра на чэку – 25 карун. У 2005 годзе курс быў 29 карун. Бліскучая “шпіёнская” праца.
У лукашэнкаўскай прапаганды ёсць адна добрая якасць – яны тупыя і ўбогія. Бачыце, нават дзве.






