БУРАЎКІН БЫЎ ШАНЦАМ ДЛЯ БЕЛАРУСІ
У дзень 90-годзьдзя Генадзя Мікалаевіча зьімяшчаю артыкул, які надрукаваў на Свабодзе ў 2014-м, у дні разьвітаньня.
.............................
Канешне, найперш ён быў паэтам. Створанага ім і ў інтымнай лірыцы хопіць, каб назаўсёды застацца ў літаратуры.
Гэткая ж пранікнёнасьць і эмацыйнасьць уласьцівыя і тым ягоным вершам, якія прынята адносіць да грамадзянскай паэзіі і якой чамусьці цураецца маладое пакаленьне літаратараў, што цяпер, калі беларуская дзяржаўнасьць перад пагрозай зьнішчэньня, выглядае дзіўнаватым.
Бураўкін — нароўні з Караткевічам, Быкавым і Барадуліным — прывёў мяне да беларускага слова. Ягоныя зборнікі памятаю ў сям’і зь дзяцінства, ягоныя вершы і паэмы — тое, што фармавала сьвядомасьць. Яны, па-просту, зрабіліся часткай жыцьця
Бураўкіну даводзілася чуць папрокі ў тым, што ён «быў пры пасадах». Яны гучалі з кухняў багемы, якая дасягнула дасканаласьці ў падхалімстве перад тымі, хто гэтыя самыя пасады займаў. Але ніколі я ня чуў падобнага ад людзей плошчы, ад тых, хто рабіў Гісторыю. Бо ніхто не скарыстаў сваю прыналежнасьць да савецкай, камуністычнай эліты з гэткай карысьцю для Беларусі, як Бураўкін.
У 32 гады ён робіцца ўласным карэспандэнтам «Правды» — што дае неабмежаваныя магчымасьці ўплыву на вышэйшае кіраўніцтва БССР, бо газэта — ворган ЦК КПСС, яе чытае Генэральны сакратар. Такую пасаду традыцыйна скарыстоўвалі для завязваньня выгодных стасункаў з начальствам. А Бураўкін пасылае ў рэдакцыю артыкул Зянона Пазьняка ў абарону забудовы гістарычнага цэнтру Менску. Што ўратоўвае будынак купалаўскага тэатра, і ня толькі.
Бураўкіна прызначаюць галоўным рэдактарам часопісу «Маладосьць» — і ён друкуе Васіля Быкава і Уладзімера Караткевіча.
Нарэшце, ён узначальвае Дзяржтэлерадыё — і стварае беларускае нацыянальнае тэлебачаньне. Самы ўплывовы сродак масавай інфармацыі нясе ў масы беларускасьць, з экранаў гучаць словы пісьменьнікаў і навукоўцаў, трансьлююцца лепшыя пастаноўкі купалаўцаў і коласаўцаў. Фармуецца нацыянальная сьвядомасьць пакаленьня, якое потым уздыме сьцяг Адраджэньня. Але прадстаўленьне эфіру Зянону Пазьняку (гэта быў той самы выступ, які ўзгадвае ў «Доўгай дарозе..» Васіль Быкаў, калі ўпершыню на мільённую аўдыторыю былі сказаныя праўдзівыя словы пра камунізм) — для кіраўніцтва ўжо было пераходам мяжы, уварваньнем за «чырвоныя сьцяжкі». Аўтарытэт Бураўкіна ў грамадзтве не дазваляў яго проста «зьняць», як іншага міністра ці дырэктара прадпрыемства, таму абралі ганаровую ссылку — прадстаўляць БССР у ААН. Генадзь Мікалаевіч любіў прыгадваць, як ў канцы 1991 яму давялося ўручыць амэрыканскаму прэзыдэнту дакумэнт аб ліквідацыі савецкай імпэрыі.
Але перад гэтым Бураўкін, член ЦК КПБ і дэпутат Вярхоўнага Савета 11-га скліканьня, дамагаецца рэалізацыі патрабаваньня БНФ аб прыняцьці Закону аб мовах.
І вось тут магло (павінна было!) здарыцца тое, што на гістарычным раздарожжы магло б вывесьці Беларусь на іншы, лепшы шлях.
Бураўкін ня мог напоўніцу рэалізавацца як дзяржаўны дзеяч у камуністычнай сыстэме (хаця пасады міністра і амбасадара шмат для каго былі вяршыняй кар’еры) — беларускасьць перашкаджала. Але ён быў адзіным, хто не тэарэтычна, а рэальна мог зрабіцца беларускім Бразаўскасам. Пасьля жніўня 1991-га ў ВС-12 за яго прагаласавалі б і камуністы, і апазыцыя БНФ. І ён бы ўжо са сваім талентам пераконваць і шукаць кампрамісы бяз здрады галоўнаму — здолеў бы ўтрымаць Беларусь ад саскокваньня ў прэзыдэнцкую дыктатуру. Бураўкін быў бы гэтым шанцам — калі б вясной 1990-га яго не заблякавалі на выбарах у Вярхоўны Савет (прадбачлівасьць і інстынкт самазахаваньня намэнклятуры, канешне, ўражваюць).
І я рады, што пасьпеў сказаць пра гэта Генадзю Мікалаевічу (ужо ведаючы дыягназ), і што адчуў, як важна было пачуць яму гэтыя словы.
Але і таго, што зрабіў Бураўкін — хопіць, каб Беларусь памятала яго вечна. (1/2)