Мікалая Аўтуховіча, палітычнага вязня і галоўнага беларускага "тэрарыста", начальства Гарадзенскай турмы баіцца больш за ўсіх.
За два з паловай гады ў Гарадзенскай крытай рэгулярна бачыў яго ў клетцы на "камісіі" - у чарзе на пакаранне, найчасцей ШІЗА.
Для Аўтуховіча прадугледжаная асобная камера, нумар 50 на трэцім паверсе следчага корпусу ("Амерыканкі").
Камера адмысловая, з двайнымі дзвярыма. Вельмі цесная "адзіночка", пасярэдзіне якой - труба ад столі да падлогі. А труба гэтая - сцёк каналізацыі: спіш, а ў цябе над галавой бурліць і ракоча.
Час ад часу Аўтуховіча пераводзяць у суседні корпус, на "Бастыён" - і там які-небудзь стукач спрабуе выведаць, а што ў Аўтуховіча цяпер у галаве.
Мне давялося сядзець адразу з некалькімі такімі "спецыялістамі па Аўтуховічы" - бо з ключавымі палітычнымі "працуюць" адныя і тыя ж кадры, заадно і правяраюць узаемаадносіны паміж апазіцыянерамі. Наслухаўся.
Карацей, Аўтуховіч - кашмар для адміністрацыі.
Баяцца, што Аўтуховіч замышляе нешта супраць асабіста Лукашэнкі, Астравецкай АЭС і Саюза з Расіяй. Баяцца, што можа нешта ўзарваць проста з турмы. Баяцца, што створыць і ўзначаліць падполле.
Бо Аўтуховіч - адважны "афганец", ваяр, беларускі партызан. Гаворыць ён ціха і мякка, але такія рэчы, ад якіх "сілавікоў" прабіраюць мурашкі па скуры.
Палову жыцця Аўтуховіч па турмах. Памятаю, у 2014 годзе мы з Волечкай паехалі сустракаць Аўтуховіча, які вызваляўся з той самай Гарадзенскай турмы. Мікалая мусілі адпускаць увечары, але сабраліся людзі, чакалі ўсю ноч да раніцы - і толькі калі ля брамы турмы не засталося ніводнага чалавека, Аўтуховіча тайком вывелі.
Аўтуховіч выйдзе. Рана ці позна - выйдзе. І будзе самае страшнае для тых, хто служыць рэжыму: замест загаду пачне працаваць закон.

31
18
5
1August 19, 2026 762