Павел Севярынец: post #251 — TG.ME

Касцёл Польшчы заклікаў спыніць варажнечу да украінцаў.

Апошнім часам пад хвалю непрыняцця у Польшчы, Літве альбо Украіне ўсё часцей трапляюць і беларусы - таму і для нас гэта надзвычай важна.

Крок Касцёла - вынік таго, што Захад застаецца ня толькі геаграфічным паняткам, а захоўвае ў сваёй глыбіні магутныя падмуркі хрысціянскай цывілізацыі.

Так, людзі ва Ўсходняй Еўропе напалоханыя пагрозай вайны. Сістэма апазнавання "свой-чужы" пачынае вызначаць паводзіны і стаўленне без увагі на чалавечую асобу. Можна зразумець насцярожанасць нашых суседзяў да тых, хто прыехаў з Усходу і размаўляе па-расейску: тым ясней патрэба беларусам у вольным свеце размаўляць з беларусамі па-беларуску.

Але Касцёл кажа: палюбіце бліжняга свайго, як самога сябе. І гэта вышэй, чым падазрэнні, спрэчкі пра гістарычныя крыўды ці дзяржаўныя ордэны - асабліва калі побач ідзе вайна і Украіна штодня ўмываецца крывёй.

Той, каго не прынялі на вуліцы, у двары, на працы, заўсёды можа прыйсці ў хрысціянскую царкву. І тут - ключ да яднання заходняй цывілізацыі. Менавіта дзеячы-хрысціяне стаялі ля вытокаў ЗША і Еўрапейскага Звязу.

Менавіта да Ісуса Хрыста прыходзіць той, каго не прынялі свае, суседзі альбо чужыя.

Перад пагрозай новага барбарства і вар'яцтва народы Еўропы ў рэшце рэшт знойдуць прытулак у хрысціянстве.
❤33🔥4👍3💯2
August 28, 2026 389 3