Павел Севярынец: post #250 — TG.ME

З гледзішча матэматыкі, у наступнай партыі вызваленых палітвязняў мае быць ня менш за 500 чалавек.

Паглядзіце. З кожным разам колькасць вызваленых расла ў прагрэсіі, блізкай да геаметрычнай.

Першая партыя, у ліпені 2025 года, з Сяргеем Ціханоўскім – 21 чалавек.

Другая, з Дашкевічам, Дзядком і Вінаградавым, у верасні 2025-га – 52 чалавекі.

Трэцяя, з Бяляцкім, Калеснікавай і Бабарыкам, у якой таксама быў і я, 13 снежня 2025 года – 123 чалавекі.

19 сакавіка 2026-га – 250 палітвязняў.

У аснове алгарытма пакрокавага вызвалення - матэматычная мадэль.

З кожным разам - больш, чым было! больш чым удвая! Яшчэ больш! Больш і больш! Угадваецца трыюмфальны стыль Трампа.

Калі браць тую ж геаметрычную логіку, цяпер маюць вызваліць больш за 500 чалавек, альбо, у рамках “Вялікай здзелкі” - нават усіх.

Для Лукашэнкі выгадней за ўсё вызваліць палітвязняў да 17 верасня – так званага “Дня народнага адзінства”: тут можна спекуляваць на тэме “адзінага народа” пад ягонай уладай і паказваць, што гэта выключна ягонае рашэнне, а не ціск ці здзелка з ЗША. Да таго ж, пажадана мець адчыненыя дзверы ў выпадку перамоваў з Амерыкай, калі Пуцін пасля выбараў у Дзярждуму 18-20 верасня абвесціць мабілізацыю і паспрабуе ўдарыць па Украіне праз Беларусь.

А для Трампа важна атрымаць добрыя навіны напярэдадні прамежкавых выбараў у Кангрэс (яны пройдуць 3 лістапада) – то бок, арыентавана ў верасні-кастрычніку, і чым бліжэй да даты выбараў, тым лепш. Пасля гэтых выбараў Трамп можа сутыкнуцца з блакаваннем сваіх ініцыятываў у Палаце прадстаўнікоў і нават спробай імпічменту – таму стаўкі для яго высокія, як ніколі.

Выглядае, што самы верагодны прагноз - з сярэдзіны верасня да канца кастрычніка.

Пра гэта, а таксама пра абвальны схаваны дэфолт расейскіх рэгіёнаў ды поспехі Украіны, пра адзначэнне 35-годдзя аднаўлення незалежнасці Беларусі - у свежым выпуску "Тройцы добрых навінаў".

Відэа глядзіце па спасылцы. Далучайцеся!

Фота: "Позірк"
🙏28❤8🤔1💅1
August 27, 2026 430 7