"Зачем учіть ребёнка на белорусском? Чтобы стал змагаром і попал в тюрьму? Чтоб уехал за граніцу? Зачем калечіть жізнь своім детям?"
І вось прыходзіць верасень, і мы чуем ды чытаем зноў і зноў: там і там не набралі беларускі клас ці групу ў дзіцячы садок. "Няма дурных".
Расейскі тэрор у дачыненні да беларускасці за стагоддзі сфармаваў сярод значнай часткі беларусаў глыбокі, часам невыкараняльны страх: паказаць, што ты беларус - страшна.
Беларусь для Расеі была і застаецца галоўным плацдармам на галоўным накірунку ўдару па галоўным ворагу.
Стагоддзямі Расея размяшчала на тэрыторыі Беларусі найбольш баяздольныя арміі і будавала вайсковую інфраструктуру. "Зборачны цэх" БССР планаваўся крамлёўскім Генштабам як ключавая база для рамонту вайсковай тэхнікі ў вайне з Захадам. НПЗ у Наваполацку і Мазыры будаваліся з разліку на запраўку танкавых калонаў, якія пойдуць на Еўропу. Беларусь для Масквы - гэта насамрэч ня бульба і ня чыстыя вуліцы, а бясконцыя вайсковыя часткі, ракетныя шахты і падземныя бункеры, заводы "абаронкі", кварталы, заселеныя вайскоўцамі ды адстаўнікамі.
А там, дзе імперыя рыхтуе магутны кулак для скрышэння Заходняй цывілізацыі, канечне, не павінна быць ніякіх "беларусаў", адрознай ад расейскай мовы, памкненняў да самастойнасці. З гледзішча Крамля, Беларусь - прастора, дзе павінна гучаць толькі рэха вайсковых загадаў. І рэжым Лукашэнкі тут - проста выканаўца.
Крэмль цудоўна ведае, што з боку Захаду Беларусь - гэта ключ да Масквы. Таму і баіцца беларускасці як сваёй смерці.
Беларусы - народ выключна рацыянальны. І вельмі многія разумеюць: размаўляць па-беларуску на такім плацдарме - значыць, кідаць выклік імперыі. Каб выжыць - будзь "как все", говорі по-русскі, "не выделяйся".
І тут - гамлетаўскае "быць альбо ня быць".
Прызнацца ў тым, што ты баішся быць сабой, быць беларусам - канечне, сорамна. Адсюль і "рацыянальныя" апраўданні. Ці то "я русскій", ці то "у меня фамілія польская", ці то "зачем калечіть жізнь ребёнку". Беларусы ўнікаюць беларускасці.
Нават паводзінамі расейцаў, якія панаехалі ў Беларусь, беларусы ў большасці абураюцца па-расейску.
Але беларусам нікуды не падзецца з вастрыя, нацэленага ў сэрца Захаду.
Адзіны шанец для Беларусі быць - параза і развал Расейскай імперыі.
А перамога ў супрацьстаянні з Масквой вырашаецца ў кожным беларускім сэрцы.
Адзіны шанец для Беларусі перамагчы - размаўляць з беларусамі па-беларуску. Быць сабой.
Калі ты проста размаўляеш па-беларуску - ты разбураеш свой страх і імперыю.
35
8
3
3August 29, 2026 310 3