Павел Севярынец: post #242 — TG.ME

Валадарка 2020. Застацца жывым у "Шанхаі".

21 жніўня 2020 года мяне як падазраванага ў "замысле і падрыхтоўцы масавых беспарадкаў" перавялі на Валадарку. Везлі ўначы, аўтазакам. Было цікава апынуцца ў той жа турме, дзе 22 гады таму, у 1998-ым, я прыйшоў да Бога.

Высветлілася, што з тых пор тут змянілася няшмат. Найперш мяне адправілі ў душавую згаліць бараду - за два з паловай месяцы ў акрэсцінскіх карцэрах яна вырасла, як у Фідэля Кастра. Пластыкавыя станкі акрэсцінскую бараду не ўзялі - трохі абскубанага, павялі ў агульную камеру.

Яшчэ тады, напрыканцы 1990-ых, я чуў пра валадарскі "Шанхай" - падвал з вечна перанаселенымі камерамі. Вясёлага расказвалі мала.

Першае, што мяне сустрэла - выбух агульнага незадавальнення:

- Ну куда вы ешчо піхаеце?! І так дышаць нечэм!

Больш за ўсё камера 60 "Шанхаю" нагадвала пекла з чарцямі. Усе да аднаго голыя да пояса мужыкі з голенымі галовамі, цесна, ледзь павярнуцца, трохярусныя нары, зваленыя ў кучы "кешары", цыгарэтны дым - і задуха, такая, што ломіць грудзі.

Шчыра кажучы, у мяне быў стан, блізкі да панікі. Фізічна балюча дыхаць - лета, гарачыня, перапоўненая камера. Кожны ўдых даецца з намаганнем. Здавалася, вось-вось страчу прытомнасць. Адзінае, што супакойвала - людзі, насуперак усім законам прыроды, тут жывуць месяцамі. А як што беларусы прыцярпеліся і выжываюць - то і я выжыву.

Тут, у Шанхаі, я ўпершыню зразумеў, як можна жыць ад удыху да ўдыху, у прамым сэнсе слова. Твая адзіная задача - набіраць у лёгкія паветра амаль без кіслароду і пастарацца не адключыцца. Мозг у адчаі, бо здаецца, што з наступным удыхам і такое паветра скончыцца. Побач шумна, нібы кіты, выкінутыя на сушу, дыхаюць іншыя.

На ноч палез на трэці ярус, пад самую столь - на адзінае вольнае месца. Там духата адчуваецца яшчэ больш - гарачае паветра падымаецца ўгару. Сна няма, балючыя ўдыхі і часам забыццё у млосці.

І бясконца цячэ уключаная ва ўмывальніку халодная вада.

Усе, як збавення, чакаюць этапу - хтосьці вырвецца з гэтага пекла, астатнім будзе крыху больш паветра.

Ежу палова вязняў ня есць. Тошна. На прагулцы ў цесным валадарскім дворыку адзін за адным млеюць і асядаюць на дол: ад свежага паветра точыцца галава.

Але спецыяльна абучаныя "сматрашчыя" вядуць сваю працу і тут.

Увечары адзін з іх выходзіць на "сувязь" з суседняй камерай праз вентыляцыю і абвяшчае:

- Пацаны, прагон па цюрме! Ціханоўскі - пятух!

У камеры шум.

- Эта што, каторы выступаў? Каторага жонку выбралі?

- Што за ментоўскі дзвіж?! - падаю голас. - Ціханоўскі нармальны мужык. Ведаю яго самога.

"Сматрашчы" прабіраецца са свайго кута да мяне:

- А ты знаеш, што ў яго дружок підар?

- Аперскія замуты, - выціскаю з сябе. - Народ падняўся, вось і гасяць Ціханоўскага. Вам што тут, класна ў турме? Хочаце і далей дохнуць на "Шанхаі"?!

- Ціха, мужыкі! Ціха... Спакойна! І так дышаць нечэм!.. - галёкаюць вакол. - Выйдеце з хаты, разбероцесь.

"Сматрашчы" лезе да "кармушкі", выклікае паставога, тыпу дамаўляцца, каб да абеда адчынілі, і пра нешта шэпчацца. А праз гадзіну з-за дзьвераў гучыць:

- Северінец! С вещамі!
👍15🙏9😭4🤬3❤1
August 18, 2026 584 6