Павел Севярынец: post #237 — TG.ME

Мікалаю Статкевічу - семдзесят.

Статкевіч - увасабленне беларускай мужнасці. Сапраўдны ваяр са старадаўняга беларускага роду, гербу "Касьцеша", характар, быццам высечаны з легендарнай шляхты Вялікага Княства.

Калі хто ня ведае - менавіта Статкевічы ў 1612 годзе фундавалі цяперашні Свята-Петрапаўлаўскі сабор на Нямізе і Баркулабаўскі манастыр пад Магілёвам.

Народжаны ў самай сарцавіне Беларусі, на Случчыне - Статкевіч ўвабраў у сябе і гены беларускага хрысціянскага трыадзінства, і спадчыну Слуцкага паўстання 1920-га.

Вайсковец і інжынер (кандыдат тэхнічных навук), яшчэ ў арміі выбраў спецыяльнасць ракетчыка - каб ведаць, як абараніць Беларусь.

Ад самага пачатку 1990-ых Статкевіч стаяў за беларускую незалежнасць, а з 1994-га - кідаў выклік рэжыму.

Падчас камуністычнага путчу ў жніўні 1991-га быў адзіным з заўважных беларускіх вайскоўцаў, хто публічна выступіў супраць ГКЧП.

Мікалай Статкевіч ствараў Беларускае згуртаванне вайскоўцаў, аднаўляў Грамаду і заўжды вёў рэй на чале масавых вулічных акцыяў.

На мностве менскіх шэсцяў 2000-ых Статкевіча бралі ў разлік як пастаянную велічыню пратэсту - бескампрамісную, але адначасова рацыянальную. "Статкевіч будзе за маршрут па цэнтральных вуліцах, па максімуме." "Статкевіч, канечне, выступіць." "Статкевіч не прамаўчыць."

Асобная гісторыя - тое, як Мікалай Статкевіч застаўся ў Беларусі ў 2025-ым. Адзін беларус зламаў і сцэнар рэжыму, і геапалітычную гульню, і давёў усім: адолець сістэму магчыма - нават калі гэта абыдзецца коштам волі, уласнага здароўя і наогул жыцця.

Сімвал нашай нязломнасці. Беларускі супергерой.

Ёсць такія людзі, на якіх глядзіш і проста адчуваеш гонар за нацыю. Калі гаворка заходзіць пра Мікалая - распраўляеш плечы, трымаеш спіну роўна, набіраеш паветра ў грудзі і думаеш: "А я таксама беларус, як і Статкевіч".

З днём нараджэння, дарагі спадар Мікалай!

Дзякуй Богу за тое, што ў нас, беларусаў, ёсць Статкевіч!
❤95🥰4🎉3🙏3
August 12, 2026 787 5