Павел Севярынец: post #236 — TG.ME

Аляксандр Мілінкевіч. Светлая памяць.

У пачатку 2006 года Аляксандр Мілінкевіч, тады ўжо адзіны прэтэндэнт ад апазіцыі ў прэзідэнцкай кампаніі, прыехаў у Малое Сітна, дзе я, адбываючы палітычную "хімію", валіў лес.

Прыехаў цэлы картэж, штаб з журналістамі. Начальства разбеглася. Хтосьці схаваўся. На эстакадзе, дзе распілоўвалі бярвенні, сабраліся рабочыя.

І вось я прадстаўляю Мілінкевіча - з адчуваннем бездані пад нагамі: як ён, інтэлектуал, паліглот, "заходнік", будзе гаманіць з вяскоўцамі ды лесавікамі з глыбінкі, на самай мяжы з Расеяй.

А Мілінкевіч прапанаваў выказацца людзям - і проста слухае. Паўгадзіну. Гадзіну. Дзьве.

Правал, думаю. Капец. Нічога не гаворыць. Ніякай праграмнай прамовы. Слухае і слухае, зрэдку ківае. Як я ўсё гэта патлумачу мужыкам пасля ягонага ад'езду - не ўяўляю.

І вось мы развітваемся. Мілінкевіч цісне рукі, сядае ў машыну. Картэж знікае ў лясах на грунтовай дарозе. Вяртаюся на эстакаду, халадок пад уздыхам - а там гурма захопленых маіх сіценцаў:

- Паша, які чалавек!..
- Вось гэта моц!
- Вось такога ў прэзідэнты!!..

А я ў шоку.

- Э-эээ... што вам спадабалася? Ён жа... нічога не казаў.

- Паш!.. ЁН НАС ВЫСЛУХАЎ!
🙏62❤27💔5
August 11, 2026 870 7