Толькі размовы пра Адысею і Іліяду! А ці ведаеце вы што ў беларусаў е Радзівіліяда - сапраўдны гістарычны эпас?
Храбрае племя айчынных вайскоўцаў сюды ён кіруе.
Хутка пяхота ідзе ды напорыста конніца мчыцца,
Войска вялікае: віленцы, з імі й сыны твае, Кунас,
Тыя яшчэ, хто жывуць на ўзбярэжжы, дзе Нярыс магутны
Нізкай далінай цячэ ды хаваецца ў Хронавых водах;
Выхадцы з Трокаў яшчэ ды з магутнага Віцебска, з імі
Тыя, якіх гадавалі прасторы цудоўнае Оршы;
Хтосьці між пушчаў жыве, між прывабных лугоў і палеткаў —
Гожа Бярэзіна там берагі пакрывае чаротам;
Волаты з даўняга Полацка крочаць, магутныя сэрцам,
Слаўнага Мінска сыны, жыхары старадаўняй Гартыны1,
Тыя, хто з Ліды паходзяць, хто бачаць празрыстую Ваку,
Іншыя — Марсаў народ — Эрдзівілавы нівы2 абходзяць,
Землі твае, Магілёў, ды суседняга краю прасторы.
Там на адных пазіраюць аршанскія дахі, на іншых
З вежаў сваіх чатырнаццаці годна глядзіць Азярышча.
Я не забуду сказаць пра муры і гасцінцы старыя
Даўняга Брэста, а з ім і маленькую Рэчыцу ўспомню.
Гомельцы ў войску, мазырцы, ды іншыя ратнікі разам:
Іх, вельмі здатных да бітвы, гадуе прываблівы Остэр.
Як не сказаць пра ашмянцаў, мужоў з узбярэжжа Ластаі,
Іншых, што маюць раллю блізу жоўтага Нёмана кручы.
Мушу і тых прыгадаць, хто на кобрынскіх землях шчыруюць,
П’юць з Аксіяка ваду ды ўраджай здабываюць багаты.
Тых гадавалі прасторы Мсціслаўля, тых — Ула, якая
Поўніла хуткія воды крывёю маскоўцаў, а гэтых —
Землі Іванска, збялелыя скрозь ад касцей чалавечых;
Крэва яшчэ — напамін пра забітага Кейстута. Побач
Слонімскіх волатаў раць, жыхары Ваўкавыска і русы,
З імі — язігі яшчэ, непахісныя ў бітве, што часам
Шлемам сваю сівізну прыкрываюць, аб смерці не дбаюць;
Побач — мужы, што аруць узбярэжжа празрыстае Свенты.
Тут — Самагітыі плоднай, зямлі меданоснай, тубыльцы,
Там — ваўкамерцаў атрад, а таксама браслаўцаў харугва.
Мноства плямёнаў, адважных народаў, якімі
Правіў Баторый тады непахіснаю, цвёрдай рукою.
4August 5, 2026 215 2