З Днем Незалежності, Україно! Перемоги!
Сяргій Жадан. Сыдзі да нас, Майсею
У гэтым змроку не застаецца месца для большага змроку.
То хай ня згубіцца ў прыцемках названы па імені.
Сілы вам усім – усім, хто зьбіраў ураджай стомы,
хто хадзіў па сваім адчаі, як па восеньскім кукурузным полі.
Ёсьць гісторыя, што паўтараецца ў кожным пакаленьні.
Ёсьць людзі, якія сварацца з чарнатой. Ёсьць сьпевы і мова.
Мова як супраціў, мова як паўзьмежжа цішы.
Сьмерці ня можа быць болей, чым ёсьць.
Не бывае чорнага па-за чорным.
Ня будзе мець страху той, хто бачыў,
як сьмерць выбачаецца перад бацькамі
загінулых дзяцей.
У гэтым маўчаньні няма месца для большага маўчаньня.
Няма мёртвых моваў – ёсьць мовы, у якіх няма слова свабода.
Людзі выходзяць за горад,
ідуць па сухім кукурузным полі.
Неба над галавой падобнае да сукенкі,
забытай пад час ператрусу.
Яны ідуць і сьпяваюць:
выведзі нас, выведзі наш народ;
сутоньне болей ня можа зьмясьціць усёй нашай памяці,
мы ж ведаем, што сьвятло – неад’емная частка цемры,
мы ж ведаем – дзесьці на межах ночы
чарната вычэрпвае сябе, цяжка захлынаецца сабой.
Сьвятлом будзе ўсё, што ня будзе падобным да ночы.
Моваю будзе ўсё, што пераважыць цішу.
У гэтай адвазе няма месца для большай адвагі.
Няма месца і няма патрэбы.
Любоў закладзена ў мову, як сэрца закладзена ў цела.
Крывавая цёплая ружа, якая разгортваецца сярод ночы
і робіць табе балюча, вяртаючы да жыцьця.
Вось гэтая гісторыя людзей, што крочаць зь цемры,
сьпяваюць песьні, завучаныя за бацькамі:
выведзі наш народ, выведзі,
па-за палі чарнаты, па-за перастук кукурузных сьцяблін,
выведзі нас праз поле –
праз гэты даўні Гасподні рукапіс,
Божы дзёньнік, у якім пропісы
пераплятаюцца з пасмамі туману.
Сьвятлом будзе ўсё, што наважыцца быць сьвятлом.
Доўгае, глыбокае поле напаўняецца пісьмом.
У гэтым паветры дзеці нараджаюцца працягам сьпеву.
У гэтай любові няма месца для большай любові.
І гэтай гісторыі.
На гэтым полі.
Між гэтых імёнаў.