🚨 У Варшаве напалі на Аляксандру Герасіменю.
У цэнтры Варшавы невядомы мужчына напаў на беларускую плыўчыху, прызёрку Алімпійскіх гульняў Аляксандру Герасіменю.
Пра інцыдэнт паведаміла галоўная рэдактарка сайта «Хартыя'97» Наталля Радзіна.
Паводле яе інфармацыі, раніцай 10 ліпеня на аўтавакзале Warszawa Zachodnia невядомы мужчына падышоў да Герасімені ззаду і ўдарыў яе кулаком па галаве. Пасля гэтага ён пакінуў месца здарэння. Спартсменка звярнулася ў паліцыю, якая пачала праверку.
Аляксандра Герасіменя — адна з самых тытулаваных беларускіх спартсменак, трохразовая прызёрка Алімпійскіх гульняў і шматразовая прызёрка чэмпіянатаў свету. У 2020–2022 гадах яна ўзначальвала Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці (BSSF). У Беларусі Герасіменя завочна асуджаная да 12 гадоў пазбаўлення волі па палітычна матываванай справе.
Гэты напад адбываецца на фоне працяглага ціску на прадстаўнікоў BSSF. 21 жніўня 2025 года ў порце Трабзон (Турцыя) быў выкрадзены былы каардынатар фонду па міжнародных камунікацыях Анатоль Котаў. Да гэтага часу яго месцазнаходжанне застаецца невядомым.
Яшчэ адзін былы супрацоўнік BSSF — Вадзім Крывашэеў — таксама быў завочна асуджаны ў Беларусі да 12 гадоў пазбаўлення волі. Аналагічны прысуд беларускія ўлады вынеслі і дзейнаму выканаўчаму дырэктару фонду Аляксандру Апейкіну.
Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці выказвае падтрымку Аляксандры Герасімені і заклікае польскія праваахоўныя органы правесці поўнае і аб'ектыўнае расследаванне інцыдэнту. Бяспека беларускіх спартсменаў і грамадскіх дзеячаў, якія знаходзяцца ў эміграцыі, павінна заставацца безумоўным прыярытэтам.




