Спецыяльны пасланнік прэзідэнта ЗША ў Беларусі Джон Коўл чакае новага буйнога вызвалення беларускіх палітвязняў у самы бліжэйшы час. Пра гэта ён распавёў у інтэрв’ю The New York Times, апублікаваным 22 жніўня. На гэта звярнуў увагу "Белсат".
Паводле Коўла, цяпер ён хоча перадусім дамагчыся вызвалення ўсіх палітвязняў, якія застаюцца ў Беларусі. Пасля гэтага амерыканскі дыпламат разлічвае выкарыстаць свае кантакты і для вызвалення зняволеных у іншых краінах.
«Мяне матывуе магчымасць адчыняць дзверы», – сказаў Коўл, маючы на ўвазе дзверы аўтамабіляў, у якіх вывозяць толькі што вызваленых зняволеных.
Як піша The New York Times, Коўл чакае, што чарговае буйное вызваленне беларускіх палітвязняў адбудзецца «у самы бліжэйшы час». Колькі чалавек можа выйсці на волю і калі менавіта гэта адбудзецца, ён не ўдакладніў.



