Tech Lead – трэнды і тэхналёгіі: post #1455 — TG.ME

Ці смартфон адыходзіць у мінулае? Што адбываецца з нашым найлепшым сябрам?

Пачнём год з сьмелых прагнозаў найбліжэйшае будучыні. Тэхналягічная індустрыя ўваходзіць у фазу, калі смартфон перастае быць галоўным інтэрфэйсам паміж чалавекам і лічбавым сьветам. Гэты зрух усё часьцей фіксуюць і аналітыкі, і ўдзельнікі рынку. Напрыканцы 2025 году TechCrunch задаўся пытаньнем: калі тэлефон памірае, дык што прыходзіць яму на зьмену? Давайце разьбірацца.
⬇️

Што менавіта мяняецца?

Смартфоны амаль перасталі зьдзіўляць. Камэры, экраны і працэсары ўдасканальваюцца, але мадэль узаемадзеяньня застаецца ранейшай: экран, аплікацыі, ручны ўвод. На тле гэтага імкліва разьвіваецца штучны інтэлект, і ён кепска ўпісваецца ў лёгіку “адкрый аплікацыю → націсьні кнопку”.

Штучны інтэлект працуе інакш:
• ён разумее кантэкст;
• можа выконваць задачы цалкам, а не крок за крокам;
• не патрабуе сталае ўвагі да экрану.

Менавіта таму ўсё часьцей гучыць думка: будучыня інтэрфэйсаў — не экран, а голас, гук і кантэкст.

Новая кляса прыладаў
🤔

Праекты накшталт сакрэтнае AI-прылады ад Сэма Альтмана і Джоні Айва важныя ня формаю, а ідэяй. Гаворка ідзе не пра “новы смартфон”, а пра пэрсанальнага асыстэнта, які:
• працуе праз голас і гук;
• увесь час знаходзіцца побач;
• дапамагае без відавочнага запыту, а не па націску кнопак.

TechRadar прагназуе, што 2026 год можа стаць пунктам выхаду за межы смартфона — менавіта дзякуючы такім AI-арыентаваным прыладам.

Важнае ўдакладненьне: смартфон не памірае — ён губляе манаполію. Ідзецца, хутчэй, пра пераразьмеркаваньне роляў:
• частка функцыяў адыходзіць у навушнікі, гадзіньнікі і носныя прылады;
• частка — у фонавыя AI-агенты;
• смартфон застаецца экранам, але перастае быць цэнтрам прыняцьця рашэньняў.

Чаму менавіта цяпер?

Зрух стаў магчымы праз тры фактары:
1️⃣Штучны інтэлект навучыўся весьці дыялёг і разумець намеры, а ня толькі каманды.
2️⃣Карыстальнікі стаміліся ад перагружаных інтэрфэйсаў і соцень аплікацыяў.
3️⃣Апаратныя інавацыі запаволіліся, і індустрыі патрэбная новая крыніца росту.

Будучыня — ня ў новым гаджэце, а ў зьмене лёгікі ўзаемадзеяньня: пераходзе ад кіраваньня прыладамі да дэлегаваньня задач. Штучны інтэлект становіцца пасярэднікам паміж чалавекам і лічбавым сьветам, а экран — опцыяй, а не абавязковай умоваю.

Мы больш ня хочам інтэрфэйсаў. Мы хочам, каб за нас рабілі.

🥶 Падтрымаць Tech Lead
Малюнак да публікацыі мае ілюстрацыйны характар.
👎22❤13🤔12👍4😱3🤣2😢1
January 27, 2026 1.5K 2