Пакуль ёсць хвілінка, распавядзем вам пра тое, што з панядзелка запускаем новую праграму. "Па-за межамі метраполіі" — аўтарская праграма журналісткі Дар'і Гардзейчык пра беларускую літаратуру, якая ствараецца па-за межамі сучаснай Беларусі. Кажучы пра беларускую літаратуру, мы аўтаматычна думаем пра Менск, Віцебск ці іншыя месцы ў Беларусі. Прынамсі, пра аўтараў і аўтарак, якія нарадзіліся і выраслі ў беларускіх гарадах ці вёсках. Аднак беларуская культурная прастора значна шырэйшая. На працягу стагоддзяў беларускія супольнасці жылі і працягваюць жыць у кутках сусвету, захоўваючы мову і літаратурныя традыцыі. Менавіта гэтым літаратурам — часам добра вядомым, а часцей амаль незаўважаным — і прысвечаны праект. Першы сезон прысвечаны Падляшшу — рэгіёну на паўночным усходзе Польшчы, дзе ўжо некалькі стагоддзяў існуе беларуская культурная традыцыя. Хто такія падляшскія беларусы? На якой мове яны пішуць? Як узнікла літаратурнае аб'яднанне "Белавежа"? Чаму тыднёвік "Ніва" стаў цэнтрам беларускага літаратурнага жыцця ў Польшчы? І чаму творчасць падляшскіх аўтараў вартая ўвагі кожнага, хто цікавіцца беларускай літаратурай? Заўважым яшчэ раз, што вядоўца праграмы — журналістка Дар'я Гардзейчык. Першы эфір — у гэты панядзелак 17 жніўня ў 18:00 па Варшаве (19:00 па Мінску).
17