У фільма Project Hail Mary, можа, залішне падрабязны трэйлер, затое цікавая з лінгвістычнага пункту гледжання назва: Hail Mary ў ангельскай — пачатак малітвы да Дзевы Марыі (на латыні гэта будзе Ave Maria, а ў кананічным перакладзе на беларускую — "Вітай, Марыя"). Але ж важнейшы тут падтэкст, у якім гэтую фразу выкарыстоўваюць сёння: так, у амерыканскім футболе яна азначае далёкі ўдар амаль без шансаў на поспех (падчас такіх удараў, маўляў, застаецца толькі маліцца) — і з гэтым падтэкстам адразу зразумела, чаму місію з мінімальнымі шансамі на выратаванне Зямлі таксама назвалі Hail Mary. Усё гэта ўжо робіць задачу перакладчыка немагчымай, бо ну няма ў беларускай малітвы ніякага сэнсу апошняй надзеі — але аўтар кнігі-крыніцы да фільма на гэтым не спыняецца і дае галоўнаму герою прозвішча Грэйс (Grace) — каб яно было сугучным з другім радком малітвы на англійскай (Hail Mary, full of Grace...).
І як гэта ўсё перакладаць? Сітуацыю з Грэйс можна адразу прызнаць безнадзейнай і дужа не старацца, але ж з Hail Mary нешта зрабіць трэба. Узяць "Авэ Марыя", як зрабілі ў рускай лакалізацыі? Але ўжо на этапе трэйлера становіцца зразумела, што гэта не пракаціць ("Hail Mary. I get it", кажа герой Гослінга, разумеючы па назве, што місія ўяўляе сабой апошні адчайны крок чалавецтва — а як гэта можна зразумець са слоў "Авэ Марыя"?). "Апошняя надзея" (але ж Обі-Вана тут не будзе)? "Апошняя малітва"? Я, шчыра кажучы, нічога лепшага пакуль не вынайшла, але буду чакаць вашыя варыянты ў каментах, мо разам нешта добрае прыдумаем.
Upd. Мне тут прапанавалі "Ці пан, ці прапаў", як вам?
#перакладчыцкікамент