cybulinka: post #2702 — TG.ME

У Грэцыі жанчына заразілася лярвамі мухі і вычхнула іх

Апісаны ў часопісе Emerging Infectious Diseases клінічны выпадак можа сьведчыць як пра выключнае супадзеньне акалічнасьцяў, так і пра пачатак эвалюцыйнай адаптацыі авечага гізу да чалавека ў якасьці гаспадара.

58-гадовая жанчына працавала на прыродзе паблізу авечага выгану ў верасьні мінулага году, калі заўважыла мух, якія кружылі вакол яе. Прыкладна праз тыдзень пасьля гэтага жанчына адчула боль у вобласьці верхняй сківіцы, а яшчэ праз 2-3 тыдні дадаўся і кашаль. Што праўда, па дапамогу жанчына зьвярнулася толькі пасьля таго, як вычхнула некалькі лярваў невядомага віду. Аглядзеўшы пацыентку, лярынголяг выцягнуў з пазухі яшчэ 10 лярваў на розных стадыях разьвіцьця й адзін капшучок (стадыя, зь якой фармуецца дарослая асобіна). Як потым высьветлілася, лярвы належалі да віду Oestrus ovis (авечы гіз).

Звычайна гэты від вусякоў адкладае лярваў у ноздры авечак, дзе яны паступова мігруюць у блізкія пазухі й разьвіваюцца да трэцяй стадыі, пасьля чаго вяртаюцца ў ноздры й чакаюць, пакуль жывёла іх вычхне. Выпадкі заражэньня людзей вядомыя, аднак лярвы звычайна гінуць на першай стадыі разьвіцьця, бо ў носе чалавека ўмовы неспрыяльныя. Аднак у людзей з аслабленым імунітэтам разьвіцьцё лярваў можа дайсьці й да трэцяй стадыі. А вось капшучок знайшлі ўпершыню, раней такое ўважалася біялягічна немагчымым сцэнарам.

Аўтары мяркуюць, што ключавую ролю ў апісаным выпадку маглі адыграць скрыўленьне насавой перагародкі ў пацыенткі, інтэнсіўнасьць заражэньня й іншыя невядомыя фактары. Аднак яны не выключаюць і альтэрнатыўнага тлумачэньня: выпадак можа сьведчыць пра раньні этап эвалюцыйнай адаптацыі O. ovis да завяршэньня жыцьцёвага цыклю ў чалавечым арганізьме.
😱48🤮14😨11🌚4✍2🍓2❤1
March 16, 2026 1K 11