НАПАДЫ І ПАРАДЫ
Я даўно ўжо не пераймаюся канкурэнцыяй за нейкае асабістае месца сярод дэмакратычных сіл. Галоўнае для мяне - будучыня нашай нацыі і краіны, якая залежыць, у тым ліку, ад наяўнасці ў нас неабходнай колькасці моцных патрыятычных лідэраў.
Таму імкнуся вызначыць і падтрымаць тых актыўных беларусаў і беларусак, якія маюць ўнутраны патэнцыял для лідэрства. Падрыхтаваныя харызматычныя лідэры - рэдкая з'ява, яны фармуюцца гадамі і знаходзяцца пад пільнай увагай і падвышаным ціскам рэжыма. Таму іх варта берагчы і падтрымоўваць. Шкадую, што з-за зняволення мала ведаю пра тых актывістаў, якія выявілі свае лідэрскія якасці ў 2020 годзе. Мы - не вельмі вялікая нацыя, таму мяне радуе з'яўленне новых патэнцыйных лідэраў і засмучае зыход ад актыўнай дзейнасці тых, хто ўжо засведчыў сябе сапраўдным патрыятычным лідэрам.
Я кепска стаўлюся да тых, хто публічна заявіў пра свае прэтэнзіі на кіраўніцтва, павёў за сабой людзей і потым апынуўся нявартым іх даверу. На мой погляд, гэта здрада. І не трэба спасылак на запалохванні і пагрозы, страх турмы, за блізкіх і дзяцей. Да лідэрства ніхто нікога не прымушае. Калі ж абраў гэты шлях, то мусіш адпавядаць яму. Бо хіба тыя, якія пайшлі за несапраўдным лідэрам і, пакінутыя ім, апынуліся з-за гэтага разлучанымі з блізкімі і дзецьмі, прайшлі турэмнае пекла - нейкія меньш каштоўныя людзі? Што, іх пакуты значаць меней? Няздатнасць да самаахвяравання ва ўмовах вызвольнай барацьбы супраць тыраніі - прыкмета непрыдатнасці да лідэрства.
Тым болей каштоўныя лідэры, чыя адданасць справе ўжо праверана. Напрыклад, турмой ці вайной. Я называю гэта - прайшлі "праверку на дарогах". Па назве савецкага ваеннага фільма, некалі забароненага цэнзурай.
Мяне вельмі засмучае кампанія ў Сеціве супраць Сяргея Ціханоўскага - харызматычнага лідэра, які шмат зрабіў для народнага ўздыму 2020 года, годна прайшоў турэмныя катаванні, не папрасіў літасці ў сваіх катаў і зараз знаходзіцца на волі. Безумоўна, Сяргей рабіў памылкі, амаль непазбежныя пасля пяці гадоў поўнай ізаляцыі. Эмацыйнасць - добрая якасць для палітыка, неабходная для ўздзеяння на эмоцыі людзей. Але яна можа шкодзіць у стасунках з медыя і дыскусіях у Сеціве. Хаця цяжка стрымацца, калі нібыта дэмакратычныя актывісты актыўна выкарыстоўваюць для нападак на былых палітвязняў спекуляцыі наконт турэмных "статусаў". Тым болей, што безпадстаўнае навешванне турэмшчыкамі рэжыму гэтых "статусаў" з'яўляецца вядомым прыёмам ціску і псіхалагічных катаванняў палітвязняў.
Так атрымалася, што я ў тэме наконт "статусавай" правакацыі супраць Сяргея.
Я высветліў яе абставіны праз аўтарытэтных у турэмным свеце людзей. Як выявілася, недарэчную і хлуслівую інфармацыю пра Сяргея распаўсюдзілі двое крымінальнікаў. Адзін з якіх падпісаў у зняволенні паперы пра "законапаслухмяныя паводзіны", а другі даў падчас следства паказанні супраць сваіх сяброў, што аўтаматычна пазбаўляе абодвух паважанага месца ў турэмным свеце і права выносіць вызначэнні пра "статус" ды распаўсюджваць інфармацыю пра іх.
Спробы "дэмакратаў" гуляць на адным са спосабаў турэмных катаванняў выклікаюць у мяне пачуццё глыбокай гідлівасці.
Тым не меньш, хачу параіць Сяргею вучыцца не наракаць на СМІ за крытычныя, хай нават і недакладныя, выказванні ў свой бок, тым болей, не рэагаваць эмацыйна на слоўныя прэтэнзіі і напады апанентаў, што з'яўляецца неабходнай якасцю дэмакратычнага палітыка. І калі ён звярнуўся да расійскай вершаванай класікі, то жадаю яму трымацца вершаванай парады расійскага паэта Аляксандра Пушкіна: "Хвалу и клевету приемли равнодушно и не оспаривай глупца". Альбо маёй невершаванай: "Ніколі не перабрэхвайся з сабакамі".
Глыбокапаважаную мной за шматгадовую падтрымку беларушчыны "Нашу Ніву" папрасіў бы не апускацца ў дыскусіі з чалавекам, чыя заслугі і пакуты ў барацьбе за свабоду Беларусі бясспрэчныя, да выразаў кшталту "лабуда". Мо, гэта і павялічвае аўдыторыю, але памяншае павагу.
Forwarded fromSTATKEVICH M
1September 3, 2026 48