ПОЎНЫ ПЕРАКЛАД ІНТЭРВ'Ю "ЦАЙТ"
Людзі, якія чытаюць мой канал, скардзяцца, што пераклад майго інтэрв'ю "Цайт" на сайце газеты атрымоўваецца няпоўным, кавалкамі. З улікам гэтых заўваг прывожу тут поўны пераклад інтэрв'ю:
DIE ZEIT: Спадар Статкевіч, мы не можам сустрэцца асабіста, бо вы жыве ў Беларусі — краіне, куды заходнім журналістам амаль немагчыма ўехаць. Таму мы праводзім гэтую размову онлайн, па відэасувязі. Наколькі свабодна вы наогул можаце гаварыць?
Мікола Статкевіч: Я магу гаварыць свабодна. Я кажу тое, што думаю і лічу неабходным. Акрамя таго, мая жонка — юрыст, і яна за мяне вельмі хвалюецца. Перад публікацыяй яна разам са мной яшчэ раз прагледзіць ўсё інтэрв’ю і скажа: «Вось тут табе лепш быць асцярожным, за гэта цяпер даюць дванаццаць гадоў турмы, а за гэта — дзесяць» (смяецца).
ZEIT: Некалькі месяцаў таму вы выйшлі на свабоду пасля шматгадовага заключэння, але, у адрозненне ад іншых вядомых палітычных заключаных, засталіся ў Беларусі. Вы — апошні вядомы апазіцыянер, які ўсё яшчэ жыве ў краіне. Наколькі свабодным вы сябе адчуваеце?
Статкевіч: Абсалютна свабодным. Але я ведаю, што гэта можа змяніцца ў любы момант. Улады маўчаць пра мой статус. Мяне памілавалі? Ці толькі часова вызвалілі, каб я мог аднавіць здароўе, а калі мне стане лепш, я павінен буду досядзець астатні тэрмін?
ZEIT: У маі 2020 года вас арыштавалі, калі вы арганізоўвалі мірныя мітынгі з патрабаваннем сумленных выбараў, а пазней асудзілі на 14 гадоў пазбаўлення волі за арганізацыю масавых беспарадкаў у жніўні таго ж года.
Статкевіч: Я не ведаю свайго юрыдычнага статусу, а на мае афіцыйныя запыты ніхто не адказаў. Пасля майго вызвалення па дзяржаўным тэлебачанні прэс-сакратар Лукашэнкі сказала, што мяне памілвалі, хаця я не прасіў пра гэта. Але я паняцця не маю, так гэта ці не.
ZEIT: У студзені гэтага года ў выпраўленчай калоніі вы перанеслі інсульт, а месяц праз вас вызвалілі.
Статкевіч: Думаю, рэжым не хацеў несці адказнасць за тое, што я памру ў заключэнні. Хоць гэты інсульт быў выкліканы штучна: мне адмовілі ў жыццёва неабходных лекі. Калі я пакідаў турэмны шпіталь, у мяне былі сур’ёзныя праблемы з мовай, але цяпер мой стан паляпшаецца.
ZEIT: Беларускія месцы заключэння сумна вядомыя; многія зняволеныя памерлі з-за бесчалавечных умоў.
Статкевіч: Цяпер прадстаўнікі рэжыму, напэўна, спадзяюцца, што пастаянны страх зноў апынуцца ў турме давядзе іх смяротную справу да канца. Ці, што я, нарэшце, пакіну Беларусь, каб лячыцца за мяжой. Прапановаў было дастаткова, у тым ліку, з Германіі, дзе жывуць мае дачкі і ўнукі. Вялікі дзякуй за гэта! Рэжым пастаянна ўскладняе мне жыццё, каб я нарэшце пакінуў краіну.
ZEIT: Як менавіта?
Статкевіч: Калі мяне вызвалілі, у мяне нават не было пашпарта, які быў неабходны для звароту за медыцынскай дапамогай. Позней, калі мне стала лепш, чыноўнікі вярнулі мне пашпарт. Наш дом цяпер зносяць. Але ўсе спробы выціснуць мяне з краіны аказаліся дарэмнымі. Я не пакіну Беларусь.
ZEIT: За вамі сочаць, вас пераследуюць?
Статкевіч: Галоўная задача беларускай службы ўнутранай бяспекі КГБ — змагацца з палітычнымі праціўнікамі. Было б наіўна лічыць, што апошні апанент, які ўсё яшчэ публічна выказваецца ў краіне, не знаходзіцца пад асаблівым наглядам. У нас з жонкай ёсць правіла: знаходзячыся дома, мы не абмяркоўваем, што збіраемся рабіць.
ZEIT: Увогуле, вы маглі выйсці на свабоду яшчэ год таму — у рамках здзелкі паміж беларускім кіраўніком Аляксандрам Лукашэнкам і прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампа. У верасні мінулага года вас разам з 51 іншым зняволеным прывезлі да мяжы з Літвой, але вы адзіны адмовіліся пакінуць Беларусь.
Статкевіч: Тады яны хацелі выкінуць мяне з маёй краіны. Гэта — злачынства! Я хачу сам вырашаць, дзе мне жыць. Нават, калі гэта азначае турму.
ZEIT: Што тады здарылася?
Статкевіч: Я знаходзіўся ў выпраўленчай калоніі для асабліва небяспечных рецэдывістаў у горадзе Глыбокае ў адзіночнай камеры памерам 1 на 3 метры (агулам, я правёў там больш за 3,5 гады). Мне надзелі на галаву мяшок і адвезлі ў следчы ізалятар КГБ у Мінску. Тады я зразумеў, што мяне збіраюцца дэпартаваць.
68
10
6
2
1August 6, 2026 1.6K 8