ПАРАДЫ "АДМЫСЛОЎЦУ"
Нядаўна з Крамля заявілі, што пастаўкі паліва ў РФ з беларускіх НПЗ "ідуць на максімум". Цяпер у Мінску мусяць хвалявацца, ці не падштурхне гэта публічная "здача" Кіеў да выканання сваёй пагрозы ўдару па нашых нафтаперапрацоўчых заводах, якія, з пункту гледжання Украіны, забяспечваюць агрэсара бензінам і дызельным палівам.
Матывы Крэмля, па якім ён, па сутнасці, правакуе напад ўкраінскіх дронаў на прадпрыемствы, што фармуюць аснову беларускага экспарту, відавочныя - пасля такога нападу Мінску будзе цяжка ўхіліцца ад уцягвання ў расійска-украінскую вайну, якую ў Расіі чамусьці дагэтуль сарамліва называюць нейкім "СВО". Жаданне ўцягнуць Беларусь у агрэсію супраць Украіны для Крамля перавышае засцярогі ад спынення паставак беларускага паліва ў РФ.
Што рабіць тутэйшаму рэжыму, які добра разумее небяспечныя для яго наступствы адкрытага ўдзелу ў вайне? Магчыма, паспрабаваць неяк залагодзіць Кіеў, каб там заплюшчылі вочы на пастаўкі паліва ў РФ? Напрыклад, адначасова аднавіць пастаўкі дызельнага паліва ва Украіну з Мазырскага НПЗ па існуючаму прадуктапроваду да Львова. Раней гэта схема ўжо працавала і не спынялася нават пасля 2014 года, калі зробленая ў Мазыры з расійскай нафты салярка пастаўлялася для запраўкі ўкраінскіх танкаў ды іншай ваеннай тэхнікі для вядзення баявых дзеянняў супраць расійскіх войскаў у Данбасе. Тады казалі, што, улічваючы поўную непразрыстасць схемы, частка даходаў ад яе перападала дэмакратычным ці недэмакратычным украінскім прэзідэнтам і мэрам. Ды і крамлёўскаму, нібыта, нешта заставалася.
Мо, і зараз варта прапанаваць ўкраінцам вярнуцца да праверанай схемы - тая ж салярка для вайны ім цяпер яшчэ больш патрэбна. А каб пагадзіліся і меней ненавідзелі за спробу захопу расійскімі войскамі Кіева з нашай тэрыторыі ў 2022 годзе, трэба кошт на салярку для Украіны зрабіць істотна меньшым, чым для Расіі. Хай прыбытак будзе малым, але галоўнае - пазбегнуць убыткаў, бо некаторыя ўстаноўкі на НПЗ могуць каштаваць сотні мільёнаў нерублёў. Ужо не кажу пра ўкраінскія дроны над рэзідэнцыямі ды над нашымі галовамі.
Не ад добрага жыцця я ўзяўся вучыць палітыка-эканамічным гешэфтам вядомага іх "знаўцу". Бо толькі "гарачай", а то і ядзернай войны нам тут яшчэ не хапала. Дастаткова, што на "халоднай" ўнутранай паўмільёна нягоршых ужо згубілі. Хоць і маю спадзяванне, што не назаўжды.
51
15
9
5
4
2September 1, 2026 1.1K 8