РАСЦЁМ БЕЛАРУСАМI🇧🇾!
Сёння ў нашай рубрыцы мы раскажам пра верасень
Па-беларуску - "верасень", назва звязана з красаваннем распаўсюджанага ў цэнтральных і паўночна-заходніх раёнах нізкарослага хмызняку - верасу, які ўпрыгожвае ў гэты час вытанчаным ліловым красаваннем нашы лясы. Верас расце ў многіх краінах, але толькі ў нас яго імем названы месяц.
У верасні шмат прымет надвор'я і назіранняў. Калі ў верасні саспелы авёс пачынае зелянець па другім разе - восень абяцае быць непагодлівай. Вялікая колькасць жалудоў на дубах папярэджвае аб моцных маразах у сярэдзіне зімы. Хуткі адлёт птушак і дружны лістапад - прыкмета таго, што халады наступяць вельмі хутка.
Верасень ёсць верасень: усё больш жоўтага лісця на дрэвах, паступова больш мяккім, а потым і цьмяным робіцца сонечнае святло, раней апускаюцца прыцемкі, мацней бяруцца халады, звычайнымі становяцца густыя туманы. Але... "Верасень - месяц халодны, але ж сыты". І сапраўды - самы багаты ў годзе.
#расцем_беларусамі


















