Роўна 20 гадоў таму Сонечная сістэма «страціла» дзявятую планету.
24 жніўня 2006 года Міжнародны астранамічны саюз прыняў новае азначэнне планеты. У выніку Плутон, які 76 гадоў лічыўся дзявятай планетай Сонечнай сістэмы, атрымаў новы статус - карлікавая планета.
Чаму так адбылося? Паводле прынятага азначэння, планета павінна круціцца вакол Сонца, мець дастатковую масу, каб набыць амаль сферычную форму, і «ачысціць» наваколле сваёй арбіты ад іншых параўнальных аб'ектаў. Плутон адпавядае першым двум умовам, але не трэцяй.
Адной з прычын перагляду класіфікацыі сталі адкрыцці шматлікіх аб'ектаў за арбітай Нептуна. Асабліва важным было адкрыццё Эрыды, якая аказалася падобнай да Плутона. Перад астраномамі паўстала пытанне: альбо Сонечная сістэма пачне хутка папаўняцца новымі «планетамі», альбо трэба больш дакладна вызначыць само паняцце планеты.
Так Плутон стаў адным з прадстаўнікоў сямейства карлікавых планет.
Але спрэчкі не скончыліся нават праз 20 гадоў. Частка планетолагаў дагэтуль крытыкуе вызначэнне 2006 года і прапануе іншыя крытэрыі класіфікацыі.
І што цікава, страціўшы статус планеты, Плутон не стаў менш цікавым. У 2015 годзе New Horizons упершыню праляцеў побач з ім і паказаў нам дзіўны свет з велізарнымі ледзянымі раўнінамі, гарамі і знакамітым «сэрцам» на паверхні.



















