Важнае паведамленне ад галоўнага рэдактара Літрадыё Паўла Анціпава.
Шаноўныя слухачкі і слухачы, а таксама чытачы і чытачкі! Гэтым паведамленнем я абвяшчаю чарговы рэстарт Літрадыё. Прыкладна пяты за апошнія 18 гадоў.
Я дзякую папярэдняй камандзе за самую, бадай, эпічную версію Літрадыё, у якой да тэкстаў беларускіх пісьменнікаў і пісьменніц дадаліся падкасты, крытыка, а таксама афігенны візуальны стыль.
Але апошнія паўтара года праект быў на паўзе. І ўвесь час я адчуваў, што мне яго не хапае. Да мяне прыходзілі тэксты, якія маглі б быць апублікаваныя на Літрадыё, і прыходзілі ідэі, якія маглі б быць рэалізаваныя толькі на Літрадыё. І гэтага ўсяго з’яўлялася так шмат, што я вырашыў перазапусціць Літрадыё. На гэты раз самастойна. Але з вашай дапамогай таксама.
Я палічыў, што на першыя 4 публікацыі мне патрэбна 320 еўра. І, каб не губляць час, вырашыў звярнуцца да вас. Той, у каго ёсць на гэта сілы, можа зрабіць данат. Ці той, хто мяне ведае, можа звярнуцца да мяне асабіста.
Сярод гэтых чатырох публікацый, я абяцаю, будзе адзін празаічны тэкст, адзін крытычны тэкст і вершы. Аўтары і аўтаркі гэтых публікацый атрымаюць ганарар. Дарэчы, калі вы аўтарка ці аўтар, вы заўсёды можаце напісаць мне на [email protected] і прапанаваць свой тэкст.
Але гэта яшчэ не ўсё. Я вырашыў вярнуць Літрадыё непасрэдна радыё. За 18 гадоў працы ў мяне назапасіўся велізарны архіў беларускай літаратуры, агучанай самімі аўтарамі і аўтаркамі. Таксама ў апошнія гады да яго дадаліся падкасты. Таму зараз усё гэта можна пачуць сваімі вушамі ў прамым эфіры Літрадыё, якое ўжо працуе. І працуе яно круглыя суткі. Заходзьце на старонку https://litradio.link і ўключайце плэер, які ўбачыце ўверсе старонкі.
У эфіры пакуль запісы беларускіх пісьменнікаў і пісьменніц 2007–2019 гадоў і падкасты Літрадыё «Адкуль бяруцца кнігі», «Супердудко» і «Каля літаратуры». Таксама ў эфіры фрэндлі-падкасты ад Беларускай фатаграфічнай платформы ФШ1: «Далягляд» і «Адным кадрам», у якіх шмат разважаецца пра прыроду творчасці.
А яшчэ. Яшчэ ў эфіры гучыць беларуская музыка. У плэйлісце ўжо ёсць наступныя выканаўцы: Сяргей Пукст, TonqiXod, kmitansambl, višniovy tort, luty sakavik, Syndrom Samazvanca, tochka K., the Belarus outfit, і гэты плэйліст будзе папаўняцца і папаўняцца. Нагадваю: усё гэта вы ўжо можаце паслухаць на старонцы https://litradio.link
Ну і не магу не дадаць, што зараз я вяду перамовы з вядучымі, якія будуць весці на Літрадыё літаратурныя і проста культурныя перадачы. Такім чынам, Літрадыё — гэта новае радыё Культура. Гэта радыё той культуры, якая ніколі не магла трапіць на радыё Культура і зрабіла сабе сваё радыё. І гэтае радыё мае назву Літрадыё.
Калі хочаце такое радыё, зрабіце данат. І чакаю вас на нашай хвалі.