Што не так у вайне Сяргея Ціханоўскага і т.з. выданьня «НН» (дадатак да размовы на Еўрарадыё).
1. Адразу пачну з таго, што дэмакратыя не можа быць ананімнай, як і свабода слова. За кожным словам павінна ісьці адказнасьць, асабліва, калі яно скіраванае супраць іншага чалавека. Прынцып: дэмакратыя – свабода – адказнасьць аснова свабоднай супольнасьці. Больш свабоды патрабуе большай адказнасьці і самаадказнасьці. На жаль, гэты прынцып у нашай дэмакратычнай супольнасьці ніколі не працаваў, пра што сьведчыць чарговы скандал. Можа таму, што дэмакратычнай супольнасьці ніколі не існавала.
2. Noble noblis. Палітык і публічны дзеяч будзе заўседы ў сьвятле рэфлектараў СМІ. Гэта абавязак СМІ, як пятай улады. Трымаць пэўную мадэль паводзін і захаваньня. У дэмакратычнай палітыцы не можа быць «сакральных асобаў» у сьвятле СМІ ўсе павінны быць аднолькавымі. Таму, калі Сяргей Ціханоўскі вырашыў быць палітыкам і лідэрам для пэўнай часткі грамадства, ён (як і іншыя) павінен прытрымлівацца пэўнай мадэлі захаваньня (публічнага аскетызму) і лічыцца з тым, што ягоны кожны крок будзе пад увагай журналістаў і папарацы. У палітыцы (дэмакратыі) амаль няма прыватнасьці – пакуль ты палітык і заклікаеш да пераменаў. Новыя палітыкі крытыкуюць Лукашэнка і ягонае атачэньне за фарс і шык, але самі ад такога стылю жыцьця адказацца не жадаюць: рэстарацыі, гатэлі, вечарыны, трусы і гадзіньнікі – салодкае жыцьце, якое вельмі часта выстаўляецца на паказ.
І гэта на фоне цяжкасьцяў, з якімі сутыкаюцца простыя беларусы. Што вызывае натуральнае абурэньне. Нават у большасьці стабільных дэмакратыяў сьціпласьць - гэта асноўнае патрабаваньне.
Таму няма чаго тут крыўдзіцца і абурацца.
Другая справа, што пад прыцэлам павінны быць усе, асабліва «міністры» «электы» дарадцы ад апазіцыі. (Але, як мы бачым гэтага не адбываецца, есьць тыя каго чапаць нельга). Спыталіся ж журналісты ў пэўнага палітычнага дзеяча пра заробак, а дзеяч наўпрост адказаў «не вашая справа». Так дэмакратыя не можа працаваць і не працуе, як мы ўсе бачым, нават у нашай маленькай эміграцыйнай дэмсупольнасьці.
3. Мяжа безадказнасьці. Трэба разумець таксама, што няма нейкага прававога кантроля над «незалежнай» інфармацыйнай прасторай, а яе скіраванасьць на грантавасьць акрэсьлівае характар дзейнасьці. То бок важна не тое, што думаюць беларусы, але як дзейнасьць ўспрымаецца грантадаўцамі і пэўнымі лабістамі, якія падтрымліваюць і прасоўваюць заяўкі.
Таму можна пісаць толькі тое і толькі так, што адпавядае «палітычным лабістам» (Офіс-АПК). Амаль (!!!) усе выданьні працуюць у такім фармаце і пад прэсінгам. Таму незалежная журналістыка (якая з’яўляецца ўмовай свабоды слова і выказваньняў) амаль забіта. Ведаю гэта па ўласным досьведзе, бо для некаторых «дэмСМІ» размовы са мной (нават узгадкі, тэксты, цытаты) – ТАБУ. Уздагон можна прыгадаць "блогераў", якія ўвогуле па-за межамі этыкі, і грамадскіх інтарэсаў.
Пра «НН» нават можна і не казаць. Нават у нашай пакалечанай медыяльнай прасторы – гэтае выданьне не з’яўляецца СМІ. Каб не абмяжоўваць сябе адказнасьцю, ці ўмоўнасьцямі кіраўніцтва адмовілася падпісваць бажаўскі мемарандум па журналісткай этыцы. Навошта там нейкая этыка і прынцыпы, не да законаў жа ж. Больш хайпу – больш праглядаў, больш дафінансаваньня.
Заробак у рэдакцыі, калі я не памыляюся, каля 3 000 еўра. За такі сацыяльны пакет і дэмакратыю забіць можна і свабоду. Якая там этыка. Ніводны заказны артыкул не падпісаны аўтарам, поўная ананімнасьць і безадказнасьць.
І ў гэтым сэнсе крытыка і кантроль неабходны. Краіна павінна ведаць сваіх «герояў»! Узяўся ліць бруд на іншага чалавека, дзеяча (атрымоўваеш за гэта заробак) май годнасьць і сьмеласьць падпісацца пад гэтым. (Хаця пра што я...).
Таму, шаноўныя беларусы, наўрацьці мы зможам пабачыць перамены ў краіне ў бліжэйшы час і тым больш яе дэмакратызацыю. Каб гэтага дасягнуць трэба мець нейкую падставовую каштоўнасную аснову ў чалавечай і палітычнай дзейнасьці. Трэба быць свабодным. А гэтага ў нашым серадовішчы вельмі і вельмі мала.