Света Бень у дуэце з Жэням Кучмейнам (.К) сёння выдала новы альбом «Карова белая». Глыбокі, кранальны, пранізлівы, сумны, светлы — і неверагодна прыгожы.
Музыка — гэта перш за ўсё глыбокае эмацыйнае перажыванне. Нерв. Мастацтва. Ёй не патрэбны дарагі дызайн, каб трапіць у самае сэрца. Ёй папросту не трэба перашкаджаць, а проста дапамагчы. Трапнай аранжыроўкай. Дакладнымі акцэнтамі.
У гэтым суперсіла дуэт Бень і Кучмейны — яны не перашкаджаюць адзін аднаму, не перацягваюць на сябе коўдру, а дапамагаюць уласным песням раскрыцца напоўніцу. Паэзія Светы — жорсткая, пяшчотная, адчайная, трагічная, — яе выкшталцоныя мелодыі, у якіх і народныя спевы, і Вярцінскі, і тэатр, — усё гэта пераўтварылася ў аўдыёспектакль дзякуючы працы Жэні.
«Карова белая» размаўляе з намі на экзістэнцыяльныя тэмы. Ён пра трагедыю і надзею. Апакаліптычны «О, капитан, мой капитан» з сырой, неахайная гітарай прыбівае сваім простым па форме, але па-хірургічнаму трапным тэкстам. Тытульная «Каровая белая» сваім цёмным эмбіентам гучыць як споведзь у густой, як малако, смузе. «По воде» — змрочны, вельмі трапны прысуд чалавецтву («Мы хотели ходить по воде, но планы пошли по пизде»). Tulpen — светлая і пранізлівая песня пра вецер, які спявае ў мікрафоны цюльпанаў, пра нас і наш боль («тупое отбросить, а острое перетерпеть»).
Кожная песня з гэтага альбому — асобны твор мастацтва. У кожнай ёсць аб’ём, глыбіня, тонкай драматургія. Альбом размаўляе са слухачом на важныя і актуальныя тэмы, але агульначалавечыя. Ён над кантэкстам, але ў кантэкст упісаны і ў гэтым яго сіла і сапраўдная прыгажосць.
«Карова белая» дазваляе пражыць цэлае жыццё. Ён не спрабуе спадабацца, ён увогуле вельмі інтравертны і інтымны, але сапраўдная магія музыкі працуе вось так — запаўняе сабой прастору і становіцца часткай цябе, кожнага з нас. І ты становішся на месца лірычнага героя, ідзеш з ім сцежкай ад першай да апошняй песні — і гэтае падарожжа з табой назаўсёды.
Глыбіня, якіх мала ў беларускай музыцы. Альбом, які застанецца ў гісторыі.
https://band.link/karovabelaja