У Архікатэдры Святога Яна Хрысціцеля на развітанне з Аляксандрам сабраліся сотні беларусаў, палякаў і прадстаўнікоў іншых народаў і дзяржаў — родныя, сябры, паплечнікі, студэнты, прадстаўнікі беларускай грамадзянскай супольнасці, польскіх уладаў, дыпламаты і прадстаўнікі міжнароднай супольнасці.
Прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкі пасмяротна ўручыў беларускаму дзеячу Аляксандру Мілінкевічу Афіцэрскі крыж ордэна «За заслугі перад Рэспублікай Польшча».
Аляксандр Мілінкевіч быў адзначаны «за выбітныя заслугі ў дзейнасці на карысць палякаў у Беларусі, за дасягненні ў папулярызацыі дэмакратычных каштоўнасцяў, а таксама за заангажаванне ў будаванні грамадзянскай супольнасці». Узнагароду атрымала жонка палітыка Іна Кулей.
У лісце да ўдзельнікаў жалобнай цырымоніі Прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкі выказаў надзею, што прыйдзе дзень, калі «вольная, дэмакратычная Беларусь аддасць Аляксандру Мілінкевічу належнае месца ў гістарычнай памяці свайго народа».
Пасля Святой Імшы Аляксандра Мілінкевіча пахавалі на Вайсковых могілках на Павонзках у Варшаве — адным з самых ганаровых месцаў пахавання ў Польшчы, дзе спачываюць выдатныя дзяржаўныя дзеячы, ваенныя, грамадскія і культурныя постаці краіны.
У гэты дзень пра Аляксандра шмат гаварылі — не толькі як пра палітыка, але найперш як пра чалавека.
«Ён быў тым палітыкам, за якога ніколі не было сорамна, на якога хацелася раўняцца», — сказала прэзідэнт-элект Беларусі спадарыня Святлана Ціханоўская. Яна ўзгадала яго рэдкую здольнасць аб’ядноўваць людзей, слухаць і чуць іншых.
«Ён жыў Беларуссю. Ён дыхаў Беларуссю».
Святлана Ціханоўская нагадала, што для многіх беларусаў Аляксандр Мілінкевіч быў увасабленнем іншай Беларусі — годнай, адказнай, еўрапейскай.
Сябра Аляксандра, польскі сенатар Роберт Тышкевіч, назваў яго «ліхтарнікам, які пільнуе агонь свабоды Беларусі».
Франак Вячорка, галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай, згадваў Мілінкевіча як «чалавека, які заўжды быў побач» — дапамагаў парадай, удзелам і падтрымкай.
А словы самой Іны Кулей, сказаныя напярэдадні пахавання, сёння гучаць асабліва моцна:
«Аляксандр абавязкова вернецца на радзіму, дадому. Надыдзе час».
Для Вольнага Беларускага Ўніверсітэта гэта асаблівая страта. Аляксандр быў не толькі яго заснавальнікам і Канцлерам. Ён стварыў прастору, у якой беларусы маглі вучыцца, думаць свабодна, спрачацца, шукаць адказы і рыхтавацца будаваць іншую Беларусь.
Разам з болем застаецца і адказнасць — захаваць тое, што ён стварыў, працягнуць тое, у што ён верыў, і перадаць наступным пакаленням яго веру ў свабодную, дэмакратычную і еўрапейскую Беларусь.
Яго няма з намі. Але справа, якой ён прысвяціў жыццё, працягваецца.
І настане час, калі Аляксандр Мілінкевіч сапраўды вернецца дадому — у свабодную Беларусь, у гістарычную памяць свайго народа.
Светлая памяць, спадар Аляксандр.🕯
[фота Белсат і Радыё Свабода]



















