Праект па мэпінгу праблем беларусаў за мяжой прадстаўлены на Minsk… — Народныя амбасады Беларусі — TG.ME

🌍 Праект па мэпінгу праблем беларусаў за мяжой прадстаўлены на Minsk Forum 2026

22-23 верасня ў Варшаве прадстаўніца Народнай амбасады Беларусі ў Славеніі, сяброўка Міжнарднай камісіі КР Аляксандра Мамаева прыняла ўдзел у Minsk Forum 2026.

Падчас панэлі «Прававыя дакументы беларускай дыяспары і прававы статус беларусаў у краінах пражывання» яна прадставіла праект Mapping Legalization and Document Problems of Belarusians in Exile, які рэалізуецца пры падтрымцы GMF.
Праект ахоплівае 20 краін Еўропы. На аснове інтэрв’ю з экспертамі ў кожнай краіне, аналізу заканадаўства і адміністрацыйнай практыкі, статыстыкі і канкрэтных кейсаў беларусаў даследуюцца праблемы легалізацыі, дакументаў, мабільнасці і бяспекі.

Сярод ключавых пытанняў — пратэрмінаваныя беларускія пашпарты і магчымасць атрымання пашпартоў іншаземца, падаўжэнне ВНЖ і ПМЖ, міжнародная абарона і натуралізацыя без адмовы ад беларускага грамадзянсва, атрыманне і прызнанне дакументаў з Беларусі, апастыль, даведкі і пасведчанні, дакументы для дзяцей, якія нарадзіліся за мяжой. Таксама даследуюцца пытанні доступу да банкаўскіх паслуг, транснацыянальных рэпрэсій і выкарыстання механізмаў Interpol.

Асобная ўвага надаецца добрым практыкам: рашэнням, якія ўжо працуюць у адных краінах і могуць быць выкарыстаныя ў іншых. Па кожнай краіне будуць падрыхтаваныя канкрэтныя рэкамендацыі для нацыянальных уладаў, дыяспары і беларускіх дэмакратычных сіл.

«Няма краіны, дзе былі б вырашаныя ўсе праблемы беларусаў. Але няма і краіны, дзе мы не маглі б знайсці хаця б адно карыснае рашэнне.
У многіх выпадках нам не трэба вынаходзіць новае. Трэба знайсці тое, што ўжо працуе ў іншай еўрапейскай краіне, адаптаваць і перанесці гэтую практыку.
Таму наш праект — гэта не толькі мэпінг праблем. Фактычна мы таксама робім мэпінг рашэнняў », — падсумавала Аляксандра Мамаева.

Пасля прэзентацыі ўдзельнікі працавалі ў групах, дзе абмеркавалі асноўныя праблемы беларусаў у розных краінах, магчымыя шляхі іх вырашэння, што могуць зрабіць нацыянальныя ўлады і якая каардынацыя з беларускімі дэмакратычнымі сіламі для гэтага неабходная.

Здымкі: Нямецка-беларускае таварыства (dbg e.V.)

Народныя амбасады | Ананімны зварот | Падтрымаць нас
👍5❤3
September 26, 2026 177 6