Фанаты TES, якія ўжо прайшлі кожную гульню серыі па сотні разоў, купілі ўсе дадаткі ў TESO у перапынках паміж фармам зайшлі ў твітар і ўбачылі пост Ашы Шармы.
Пасля візіту ў офіс Bethesda кіраўнік Xbox Аша напісала ў сацсетцы, што маштабы "The Elder Scrolls VI: ********" проста неверагодныя. Увагу карыстальнікаў прыцягнуў зашыфраваны падзагаловак з васьмі сімвалаў-зорачак. Фанаты выказалі здагадку, што за зорачкамі хаваецца Sentinel. У сусвеце TES Сенцінэль - сталіца правінцыі Хамерфэл, якая лічыцца месцам дзеяння будучай гульні.
Але як можна было абраць на месца зорачак адно слова з усіх магчымых (а іх не мала)? Сачыце за рукамі.
Пацвярджэнне гэтай тэорыі знайшлося ў Starfield, апошняй ролевай гульні Bethesda. Геймеры выявілі, што пры стварэнні персанажа яму прысвойваецца нумар 190514-2009140512. Калі ўзяць кожныя дзве лічбы камбінацыі – 19, 05, 14, 20, 09, 14, 05, 12 – і супаставіць кожны нумар з літарай з ангельскага алфавіту, то таксама атрымаецца Sentinel. У сетцы выказалі здагадку, што на момант выхаду Starfield студыя ўжо магла ведаць назву сваёй будучай гульні.
Афіцыйна Bethesda не раскрывае назву The Elder Scrolls VI. Па словах журналіста Джэйсана Шрайера, да выхаду TES VI "як мінімум 2-3 гады".
Якраз хопіць, каб купіць і некалькі разоў прайсці Скайрым.
Belgaming


