Сапраўднае адраджэнне і сіла нацыі пачынаюцца менавіта са школьнай парты
1 верасня — гэта асаблівая дата для кожнага школьніка, настаўніка і бацькоў. У гэты дзень хачу падзяліцца ўспамінамі.
1 верасня, я іду ў 1 клас. Памятаю, нібы гэта было ўчора.
Мая мама вельмі любіць кветкі. У вёсцы Заямная Смалявіцкага раёна, дзе жылі мае бабуля з дзядулем, мама заўсёды на гародзе перад хатай высаджвала велізарную колькасць кветак. І кожнае першае верасня ў мяне не было праблем з букетам. Як правіла, гэта былі гладыёлусы або астры. Я памятаю сваё 1 верасня, калі з вялікім букетам рознакаляровых астраў ішоў у сваю школу. Школу нумар 54. Сёння гэта 7-я гімназія горада Мінска. Яна знаходзілася прама перад вокнамі майго дома. Я мог заўсёды са свайго пакоя глядзець на сваю школу. Канешне ж, я хваляваўся. Канешне, гэта было штосьці новае, новае адкрыццё, новыя сябры. Было страшна і страшна як цікава.
Памятаю першую лінейку: мы стаялі ўсе прыбраныя, а потым нас пачалі разводзіць па класах. Мая мама вельмі хацела, каб я трапіў у 1 «В» клас, бо там была настаўніца, якая выкладала і ў майго брата. Таму ў яе было вялікае жаданне, каб я вучыўся менавіта ў гэтай настаўніцы, але мяне залічылі ў 1 «А».
Мне як дзіцяці здавалася, што «А» клас — гэта круцей, навошта ісці ў «В», але мама спрабавала перавесці мяне ў той клас, ды нічога не выйшла. Так я апынуўся ў 1 «А». Першай маёй настаўніцай была народная настаўніца БССР Яўгенія Паўлаўна Колас. Яна, на жаль, не змагла давесці нас да чацвёртага класа, бо захварэла і памерла, але ўспаміны пра яе засталіся вельмі яскравыя і цёплыя.
У выніку наш клас быў найлепшым у школе: больш за ўсё медалістаў, сабралі больш за ўсіх перамог на розных алімпіядах — гарадскіх і рэспубліканскіх, з майго класа выйшла і некалькі дыпламатаў, паслоў.
Сваю школу я успамінаю вельмі цёпла: яна была вельмі ўтульнай, і вучыцца там было надзвычай цікава.
Шкада, што я сёння не магу прыйсці ў сваю школу, але абавязкова туды вярнуся. Калісьці маё фота было размешчана на дошцы ганаровых выпускнікоў школы. Маёй фатаграфіі там ужо даўно няма, але справа не ў ёй — справа проста ў жаданні прайсціся гэтымі калідорамі і пасядзець у тых класах, дзе мы вучыліся. Калісьці я нават быў дырэктарам школы, бо тады пачаўся перыяд перабудовы і дэмакратызацыі ў Савецкім Саюзе. І я двойчы быў дырэктарам школы, абраным ад вучняў. Дарэчы, у пэўны перыяд жыцця ў мяне была мара стаць настаўнікам гісторыі.
Бо настаўнік — гэта без перабольшання найважнейшая прафесія ў дзяржаве. Менавіта настаўнікі фармуюць будучыню, закладваюць светапогляд і каштоўнасці маладога пакалення, ствараючы моцны духоўны і інтэлектуальны фундамент нацыі. Гэта ведалі і нашы вялікія песняры — Якуб Колас і Янка Купала, якія самі былі настаўнікамі і добра разумелі, што сапраўднае адраджэнне і сіла нацыі пачынаюцца менавіта са школьнай парты.
Шаноўныя настаўнікі, я ўяўляю, пад якім ціскам рэжыму вы зараз знаходзіцеся. Аднак надзвычай важна, каб вы перадавалі маладому пакаленню беларусаў каштоўнасці дабра і сапраўдную любоў да Радзімы. На вас ляжыць велізарная адказнасць за будучыню нашай краіны — незалежнай Беларусі. Дзякуй за вашу руплівую працу, а моладзі — з новым навучальным годам і пажаданнем назапашваць як мага больш ведаў, якія спатрэбяцца ў новай адроджанай Беларусі.