Песьні, нотаў якіх у мяне не засталося ад Кірылы Насаева, я… — КААРДЫНУЮЧАЯ УПРАВА НАЦЫЯНАЛЬНА-ВЫЗВОЛЬНАГА РУХУ "ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ" — TG.ME

Песьні, нотаў якіх у мяне не засталося ад Кірылы Насаева, я адрэдагавала такім чынам, каб яны былі падобныя гармоніяй і гукавядзеньнем на любыя майму слыху „Песьні лірыкі і змаганьня“ хору „Унія“. Таксама ўнесла праўкі ў гармонію песень са зборніка Куліковіча. Для песьні „Сьпі пад курганам герояў“ узяла гарманізацыю са зборніка СэляхаКачанскага, таму аранжаваньне адрозьніваецца ад варыянту Равенскага. У верш Ўладзімера Дубоўкі „О Беларусь, мая шыпшына“ ўставіла чатырохрадкоўе Ларысы Геніюш, бо раней пачула такі варыянт песьні ад сяброў, і ў такім выглядзе залучыла яе ў свой рэпертуар. Калісьці Ларыса Геніюш у сваіх успамінах пісала, што ў вершах Дубоўкі не хапае пратэсту, то праз дадатак гэтага чатырохрадкоўя ў песьню пратэст зьявіўся. Праца над тэкстамі часам была даволі займальнай – перад табой ляжала некалькі варыянтаў аднаго і таго ж тэксту, а трэба было выбраць адзін канчатковы, і тут мне дарадцам быў Сяржук Сокалаў-Воюш. У песьні „Шкода, шкода мне краіны“ прыпеў „Гэй, гэй, гэй, браточкі, вы лю´ быя сакалочкі“ аніяк не ўкладаўся ў мэлёдыю, і Сяржук прапанаваў варыянт, на якім і спыніліся, – „Гэй, у лю´ быя куточкі“. Калі дайшла чарга да тэксту „Чутны гоман“, аўтарства якога было невядомае, Сяржук узгадаў свае размовы з Браніславам Даніловічам, які расказваў, як ён пісаў гэты верш. У песьні „Падняты родны сьцяг дзяржавы“ Сяржук дапамог ідэнтыфікаваць твор рэпрэсаванага сталіншчынай кампазітара Міхала Іванова (1904-1955), чыю спадчыну яшчэ трэба дасьледаваць. Калі праца над запісам песьняў была цалкам завершанай, канчатковую вычытку тэкстаў зрабіў Вінцук Вячорка. Ён прапанаваў невялікія праўкі, якія больш адпавядаюць першакрыніцам, таму гэтыя некалькі разыходжаньняў паміж насьпяваным і надрукаваным для вас мы захавалі. З аповедаў Алы Орсы-Рамана пра Кастуся Вераб’я: „Косьцік добра сьпяваў, меў добры голас. Моцны беларус, памагаў усюды, дзе толькі мог. Ведаў вельмі шмат розных песьняў – і народных, і іншых. І танцаваў, і сьпяваў. У царкве сьпяваў царкоўны сьпеў. Не хацеў, каб усё гэта прапала“. А сам Кастусь Верабей напісаў да свайго зборніка такія ўступныя словы: „Складальнік зборніка ня меў доступу да большасьці арыгінальных запісаў словаў і мэлёдыяў надрукаваных у гэтым зборніку песьняў, а запісваў іх з памяці. З гэтае прычыны ў зборніку маглі здарыцца памылкі ў названьнях аўтараў словаў і музыкі, а таксама незнарочныя разыходжаньні паміж аўтарскімі арыгіналамі й надрукаванымі тэкстамі, за што складальнік перапрашае аўтараў твораў і сьпевакоў, што будуць карыстацца зборнікам“. Мы, наколькі мага, параўналі ўсе разыходжаньні і прапануем вам лепшыя варыянты. Каб было прыемна ня толькі сьпяваць, а і трымаць зборнік у руках, я вышыла вокладку і намалявала арнамэнт. А ў дадатак – усе 37 песень зборніка можна паслухаць пад QR-кодам.
❤9
February 10, 2026 206 1