Можна сказаць, што гэты зборнік — вынік 100-гадовай працы беларусаў… — КААРДЫНУЮЧАЯ УПРАВА НАЦЫЯНАЛЬНА-ВЫЗВОЛЬНАГА РУХУ "ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ" — TG.ME

Можна сказаць, што гэты зборнік — вынік 100-гадовай працы беларусаў. У 2022 годзе я зьвярнула ўвагу на вельмі цікавы сьпеўнік, які склаў Кастусь Верабей,а ў лютым 2025 году мне яго даслалі, і мне загарэлася зрабіць яго з нотамі. Некаторыя песьні раней ўжо сьпяваў хор „Унія“, яны друкаваліся ў зборніку „Годныя песьні“, а некаторыя давялося знайсьці і аранжаваць для хору наноў. „Як шырока і далёка“, „Нёман“, „Я люблю густыя шумы“, „Партызанскі марш“ я запісала з голасу Алы Орсы-Рамана, бо нотаў нідзе не было. Падчас запісу песень мы з Алай размаўлялі пра жыцьцё беларусаў у эміграцыі, як яны трымаліся свайго беларускага:
„Пасьля вайны ў беларускім лягеры ў горадзе Рэгенсбургу была створана акрэдытаваная гімназія для дзяцей [яе ствараў бацька Алы разам з многімі беларусамі]. Галоўным адказным за ўсе музычныя патрэбы ў гімназіі быў Мікола Куліковіч, ён жа кіраваў хорам гімназіі. Равенскі меў у лягеры свой асобны хор. Тады мы ўсе хадзілі і ў адзін, і ў другі хор. Я лепей хацела хадзіць на балет і народныя танцы да Вілачкі Ляўчук. Але ў хоры ўсе мае сябры былі, таму мы ўсе разам туды хадзілі, часам знарок фальшывілі дзеля жарту. Равенскі быў невысокі, кіраваў хорам спакойна, часам нешта расказваў, калі практыкаваліся, ужываў скрыпку, каб паказаць тон, паўтону вышэй. Пераважна сьпявалі беларускія народныя песьні, і заўжды а капэля. Куліковіч жа ўвесь час сядзеў за піяніна, калі нехта нешта зробіць, ён папраўляў, граючы на піяніна, даваў слухаць, дзе мы памылкі зрабілі. Сьпявалі песьні нацыянальна моцныя, адраджэнцкія, усе з акампанімэнтам Куліковіча. Кожны тыдзень быў выступ у лягеры, нас прыходзілі слухаць украінцы, немцы, іншыя нацыянальнасьці. Часам мы езьдзілі з выступамі па іншых лягерох. Такім было патрыятычнае выхаваньне ад Куліковіча і Равенскага на ўсё далейшае жыцьцё“. Праз гэтыя аповеды я нібы сама пераносілася ў той час і была побач з тымі выбітнымі беларусамі. Праз гэта прыходзіла яшчэ большае разуменьне каштоўнасьці таго матар’ялу, зь якім працую. Аўтарства песьні „Гэй, наперад“ было невядомае. Сяржук Сокалаў-Воюш высьветліў: „Музыку на верш «Гэй, наперад!» пісалі: Антон Грыневіч, Аляксей Туранкоў і Мікола Чуркін. Нотаў не знаходжу... Трэба пашукаць далей у заходнебеларускіх выданьнях, бо там яна сьпявалася досыць актыўна“. Пасьля гэтага ноты цудам знайшліся ў „Беларускім календары“ 1923 году, які даслала Яніна Грыневіч. Што дзіўна — песьня, якую ўсе любілі і сьпявалі амаль як народную, праз 100 гадоў была забытая цалкам і, каб ня ноты, аднавіць яе было б немагчыма. Зборнікі Міколы Куліковіча „Патрыятычныя беларускія сьпевы для хору“ і Вячаслава Сэляха-Качанскага „Зборнік беларускага жаўнера“, а таксама ноты, якія мне пакінуў у апошнія нашыя сустрэчы Кірыла Насаеў, былі са мной у Стамбуле, было жаданьне і далей іх агучваць (пачалі гэтак рабіць яшчэ ў Беларусі ў 2020 годзе) разам з сынам Адасем (ён сьпяваў тэнара і баса, я сапрана і альта). Досьвед, набыты за 12 гадоў маёй працы ў Дзяржаўным камэрным хоры Рэспублікі Беларусь, прыдаўся для такіх запісаў. Калі распачалі працу над гэтым зборнікам, я пачала сьпяваць таксама за тэнара і баса, бо, аранжуючы ці рэдагуючы песьню, адразу ж можна было зрабіць запіс і праверыць, ці ўсё напісанае да месца.
2
❤6
February 10, 2026 148 1